Эксперты заклікаюць яшчэ раз разгледзець праект рэканструкцыі Каложы

|

Азнаёміўшыся з праектам рэканструкцыі Барысаглебскай (Каложскай) царквы, прадстаўленым архітэктарам Г.Лаўрэцкім, эксперты і ўдзельнікі грамадскіх слуханняў выказалі сур’ёзныя сумненні ў мэтазгоднасці яго рэалізацыі.

На думку аўтараў ліста, “рэалізацыя прадстаўленага праекта можа абярнуцца поўным разбурэннем унікальнага помніка. Многія прысутныя гродзенцы і большасць экспертаў зышліся на думцы, што першачарговай задачай з’яўляецца не рэканструкцыя, а кансервацыя царквы”.

Асаблівую ўвагу аўтары звароту звяртаюць на наступнае:

1.Адсутнасць дакладнай інфармацыі пра аўтэнтычны выгляд царквы ў ХІІ ст., у выніку чаго многія элементы меркаванай рэканструкцыі (купал, закамары на паўднёвай сцяне ды інш.) народжаныя пераважна фантазіяй аўтара праекта. Выкарыстанне метада аналогіі перакрэслівае самабытнасць і унікальнасць Гарадзенскай архітэктурнай школы.

2.Недапусцімасць выкарыстання пры рэканструкцыі сучасных будаўнічых матэрыялаў (газасілікатныя блокі, гіпсакартон ды інш.). Усё гэта пагражае старажытнай аўтэнтычнасці і можа знішчыць тое, што іншым разам называюць “духам” помніка. (Пра гэта таксама пісаў прафесар А.Сардараў)

3.Адсутнасць даследаванняў тэхнічнага стану сцяны і двух слупоў ХІІ ст. Пасля рэалізацыі прадстаўленага праекту рэканструкцыі нагрузка на сцяну ў разы павялічыцца, слупы ж стануць нясучым элементам даху, што можа выклікаць іх разбурэнне.

4.Адсутнасць належнай інфармацыі пра геалагічны стан каложскага плато, асабліва з боку р. Нёман. Без такой інфармацыі ніхто не можа гарантаваць, што падчас правядзення будаўнічых працаў не паўторыцца трагедыя 1853 г., калі ў выніку апоўзня царква была напалову разбураная.

5.Адсутнасць у Беларусі падрадчыка, які здолеў бы выканаць працы па рэканструкцыі на адпаведным высокім узроўні. (Прыводзіліся прыклады рэканструкцыі Нясвіжскага і Лідскага замкаў, падчас якіх помнікам архітэктуры і культуры была нанесена непапраўная шкода. Прыгадваўся таксама лёс Дабравешчанскай царквы ў Віцебску (праект Г.Лаўрэцкага), якая ў выніку праведзенай “рэканструкцыі” страчвае рэшткі сваёй аўтэнтычнасці).

Удзельнікі грамадскіх слуханняў звярнуліся да Паўла Латушкі з просьбай яшчэ раз разглядзець праект рэканструкцыі Каложскай царквы на паседжанні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

На адкрытых грамадскіх слуханнях па праблеме “Рэканструкцыя Барысаглебскай (Каложскай) царквы: за ці супраць?” прысутнічала больш за 100 чалавек, у тым ліку настаўнікі і вучні школаў гораду, вернікі Барысаглебскага прыходу, выкладчыкі і студэнты вышэйшых навучальных установаў, прадстаўнікі бізнесу, работнікі прадпрыемстваў.

Арганізатарам слуханняў выступіла Таварыства беларускай школы. У якасці экспертаў былі запрошаныя навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі кандыдат архітэктуры Генадзь Лаўрэцкі, кандыдат архітэктуры дацэнт Вячаслаў Чарнатаў, архітэктар-рэстаўратар, навуковы кіраўнік праекта “Гістарычны цэнтр Полацка” Вадзім Гліннік, доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская, доктар гістарычных навук, археолаг Аляксандр Краўцэвіч, гісторык архітэктуры Ігар Трусаў. Дэкан факультэта архітэктуры БНТУ прафесар Армэн Сардараў не здолеў прысутнічаць, але выклаў сваю пазіцыю пісьмова.

На фота: Так будзе выглядаць Каложа пасля рэканструкцыі

Фота з сайта http://www.grodnonews.by