Рыцары біты і мяча

|

У фінале чэмпіяната скідзельскія хлопцы супернічалі з самай моцнай беларускай дружынай – “Брэсцкімі зубрамі”.

>

Першыя дзве фінальныя сустрэчы серыі, якія вяліся да трох перамог аднаго з супернікаў, прайшлі 21-22 верасня ў Скідзелі.

 

“Цукровы шторм”  саступіў берасцейцам 3:15 і 2:6.

 

Наступная гульня прайшла 24 верасня на полі супернікаў у Брэсце. Гаспадары, напэўна, спадзяваліся атрымаць трэцюю і рашаючую перамогу. Але ж не тут было!

Скідзельцы, разумеючы, што губляць асабліва няма чаго, згулялі ў сваё задавальненне, у той час як “зубры”  прыкметна нерваваліся. У выніку гульня скончылася з лікам 19:16 на карысць “Цукровага шторму”, і камандам зноў давялося выходзіць на поле.

 

Чацвёртая сустрэча фінальнай серыі адбылася 25 верасня. Гэтым разам “Цукровы шторм” не змог супрацьстаяць на роўні нацэленым на перамогу любым коштам гаспадарам.

 

“Зубры” (на здымку ніжэй) у гэтай гульні аказаліся значна мацнейшымі (лік гульні 4:1) і чарговы раз падцвердзілі свой статус чэмпіёнаў.

Брэст – чэмпіён! Але і скідзельскія хлопцы не з гліны злепленыя. Сёлета маюць чым ганарыцца. Наша каманда ў гэтым годзе перамаглі ў фінале Кубка Беларусі ўсё тых жа “зуброў”. І гэта пры той прыкметнай розніцы ў фінансаванні гэтых дзвюх каманд: берасцейцам з іх заробкамі сорамна не адпрацаваць свой хлеб, у той час як скідзельчанам хапае хіба што на хлеб ды ваду.

 

На працягу амаль усяго 2008-га года “Цукровы шторм” з-за адсутнасці фінансавання не браў удзел у спаборніцтвах і фактычна не існаваў.

 

А зараз, пасля  вымушанага перапынку, каманда зноў даказала, што, прайшоўшы шлях ад кампаніі энтузіястаў да эліты беларускага бейсбола, не згубіла сваёй формы, жадання гуляць і цешыць заўзятараў сваімі перамогамі.

Скідзельскі “Цукровы шторм”

 

Сезон скончыўся, але  наперадзе ў прадстаўнікоў Гарадзеншчыны серыя гульняў у Інтэрлізе, якія адбудуцца ў Вільні 2-га і 3-га кастрычніка.

 

Апроча дружыны са Скідзеля, у турніры згуляюць каманды з Каўнаса і Вільні, а таксама “Брэсцкія зубры”.

 

Вось там у нашых хлопцаў і з’явіцца  магчымасць узяць рэванш у сваіх зацятых супернікаў.

 

Фота аўтара