Назіранне на выбарах – часу на турызм няма

|

Першая субота кастрычніка – гэта сталая дата, калі ў Латвіі адбываюцца парламенцкія выбары. Яны, мабыць, самы істотны дзень у палітычным календары.

 

Непасрэдных прэзідэнцкіх выбараў няма наогул, бо кіраўніка дзяржавы выбірае парламент. Даволі сціплы, дарэчы: усяго адна 100-асабовая палата, але ж ці трэба больш для такой невялікай краіны?

 

Групе беларусаў, разам з літоўцамі ды шведамі, пашанцавала трапіць у Рыгу напярэдадні апошніх выбараў ды паназіраць за імі ў дзень галасавання. Варта адзначыць, што наша група была самай вялікай: АБСЕ выслала ўсяго каля 15 чалавек – удвая менш. Але іх крок зразумелы: нашто марнаваць грошы, каб падцвердзіць статус стабільнай дэмакратыі? Аднак некалькі цікавых момантаў усё ж можна было заўважыць…

 

Праца назіральніка – не з лёгкіх. Прыязджаеш у краіну за два дні, часам за тыдзень, да выбараў, часта не ведаючы мясцовай мовы, і хутка-хутка разбіраешся з існуючай палітычнай і выбарчай сістэмай, прынцыпамі арганізацыі выбараў. На шчасце, зараз яны, лічы, універсальныя ва ўсім свеце.

 

Трэба зразумець, якія ёсць мясцовыя хітрыкі, каб абмінуць выбарчае права, якія ёсць варыянты “прыхаванай” агітацыі, як мясцовая ментальнасць і традыцыя можа ўплываць на ўніверсальныя стандарты. Таму часу на турызм няма. Ты на працы.

 

Паколькі выбарчыя ўчасткі ў Латвіі адчыняюцца ў сем гадзін раніцы, у дзень выбараў трэба быць на нагах ужо каля пятай. Хуткі сняданак, зборы, прыязджае кіроўца з перакладчыкам (часам без) – і вы ўжо едзеце на першы ўчастак. Трэба там быць не пазней паловы на сёмую, каб назіраць адкрыццё.

 

Сонныя сябры камісіі паволі збіраюцца і роўна па часе пачынаецца галасаванне. Амаль заўсёды з’яўляецца нехта, хто прыйдзе за пяць хвілін да адкрыцця. Такія свядомыя выбарцы звычайна пенсіянеры.

 

У плане – каля 20 участкаў, якія трэба было б аб’ехаць за дзень галасавання. Вядома, гэта невыканальна. На кожным варта затрымацца хаця б на паўгадзіны, а ўся траса займае добрых 150 кіламетраў, а то і болей. Нашай групе ўдалося наведаць 16. У Рызе і ў правінцыі – даволі добры вынік, як аказалася. Найбольш цешаць падвойныя, а тое і трайныя ўчасткі, дарэчы, таксама надта папулярныя ў Беларусі. Яны дазваляюць зэканоміць шмат часу на дарозе.

 

Часу на ежу практычна няма – есці прыходзіцца ў машыне, а закупіцца чымсьці трэба было наогул за дзень да выбараў. Аднак піць каву варта прыпыніўшыся на якой стаянцы, бо ўсё ж такі не вельмі хочацца заляпаць сабе вопратку, а кіроўцу – салон.

 

Форму ацэнкі, якая ў нашым выпадку займала чатыры старонкі, пачынаеш запаўняць ужо на падыходзе да ўчастка. Ці ён добра азнакаваны? Ці ёсць магчымасць трапіць туды людзям з абмежаванымі магчымасцямі? Ці няма забароненай агітацыі недзе побач?

 

На самім участку ў анкеты лепей асабліва не паглыбляцца: усё ж такі нас цікавіць тое, што навокал. Ды і сябры камісіі часам нервова рэагуюць, калі ты спрабуеш нешта падлічыць, а яны ніяк не могуць зразумець што. Навошта ім яшчэ псаваць жыццё?! Праца ж і так цяжкая і няўдзячная. Таму ўсе каментары лепей запісваць у машыне па дарозе да наступнага пункта, хаця гэта і не зусім зручна.

 

Усе афіцыйныя выбарчыя матэрыялы ў Латвіі – на латышскай мове, што можа значна папсаваць жыццё назіральнікам, асабліва, калі яне не валодаюць нават расійскай мовай. У нашым выпадку такую праблему маглі мець шведы. Амаль пра ўсё трэба пытацца ў камісіі, а з англійскай у яе сяброў не вельмі добра.

 

Вяртаючыся з правінцыі ў Рыгу, каб назіраць падлік галасоў, спіш. Гэта проста непазбежна, бо пойдзеш спаць яшчэ не хутка. Участкі зачыняюцца адносна рана: ужо а восьмай вечара.

 

Але працэдура падліку гэта нешта кардынальна адрознае ад таго, да чаго мы звыкліся ў Беларусі. У Латвіі прапарцыйная сістэма, дзе акрамя партыі, можна яшчэ галасаваць за кандыдатаў, пры гэтым можна ім ставіць і “плюсікі”, і “мінусікі”. А яшчэ бюлетэні трэба кідаць у скрыню абавязкова ў адмысловых капэртах.

 

Паглядзім, колькі трэба зрабіць падлікаў. Спачатку лічаць невыкарыстаныя капэрты, параўноўваюць з колькасцю выбарцаў, якія прыйшлі на гэта ўчастак і з колькасцю капэрт, якія знайшлі ў скрыні. Тыя таксама пералічваюць двойчы, асобна адкладаючы пустыя або тыя, у якіх было больш за адзін бюлетэнь. Іх колькасць адзначаюць асобна.

 

Галасы на партыі, аддадзеныя правільна, раскладаюць адпаведна па групах і пералічваюць. Зноў двойчы. Пасля, паводле закона, трэба рабіць перапынак, але гэта практыкуецца рэдка: няма часу і ўсе хочуць пайсці дадому. Цяпер час лічыць усе плюсы і мінусы за кандыдатаў. Іх у Рызе да 32 у кожным партыйным спісе, а спісаў гэтым разам было 13. Думаю, не трэба дадаваць пра падвойны падлік. І толькі пасля гэтага, калі атрымліваеш ад камісіі копію пратакола, можаш вяртацца ў гатэль.

 

Але і гэта не канец. Перад тым як пайсці адрубіцца ў ложку, чакаеш у чарзе да кіраўнікоў камісіі, каб здаць справаздачу і запоўненыя анкеты. Зрабіць гэта пазней нельга, бо ўжо раніцай павінна адбыцца прэс-канферэнцыя, на якой агучаць вынікі назірання.

 

На шчасце, на яе звычайнаму назіральніку можна не ісці, а спакойна паспаць. Узнагарода? Нядзельная паездка ў Юрмалу, якая зачароўвае драўлянай архітэктурай і самым прыгожым у свеце пляжам.

 

Уражанні ад выбараў у Латвіі? Амаль паўсюдна па краіне праблемы з арганізацыяй участкаў, а дакладней – з кабінкамі для галасавання. Кажуць, быццам латышы паспрабавалі зрабіць выбары танна, таму вельмі часта замест нармальных, бяспечных кабінак мы бачылі картонныя перагародкі, пастаўленыя на звычайных сталах. А часам нават іх не хапала. У выніку, здаралася і такое, што большасць выбарцаў галасавала адкрыта: проста не было або не хапала месца, каб прагаласаваць у таямніцы.

 

Яшчэ адной праблемай можна лічыць гэтак званае “сямейнае” або групавое галасаванне. Пры тым, як высветлілася, яно датычылася не толькі старэйшых параў і не толькі правінцыі. Такія невялікія, але ўсё ж парушэнні сустракаліся даволі раўнамерна па ўсёй краіне. Відаць, трэба яшчэ тлумачыць і тлумачыць як выбарцам, так і сябрам камісіі, чаму таемнае галасаванне – гэта хутчэй абавязак, чым права.

 

А ў астатнім – яны лічаць галасы. І назіральнік цалкам вольны ў сваіх дзеяннях. Цябе не прымушаюць стаяць за 10 метраў ад стала камісіі, за калоннай ці пальмай, якіх звычайна поўна ў залах нашых школаў. Для некаторых краін гэта да сёння недасягальны ідэал.

 

Лёша Шота

Рыга-Гродна-Кракаў

 

Фота: www.rian.ru