У Мастах дазволілі дыктоўку

|

Мастоўскі раённы выканаўчы камітэт задаволіў заяву сябра Рады ПАГА “Рух “За Свабоду” Алеся Зарэмбюка на правядзенне другой агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі ў Мастах. З сакавіка Алесь Зарэмбюк звярнуўся да старшыні Мастоўскага райвыканка з заявай дазволіць правядзенне другой агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Мастах 22 сакавіка і прадставіць памяшканне для яе правядзення. У выніку перамоваў паміж супрацоўнікамі райвыканкама і прадстаўнікамі ПАГА “Рух “За Свабоду” быў знойдзены кампраміс, згодна з якім дыктоўка адбудзецца ў 14 гадзін 25 сакавіка ў памяшканні актавай залы Мастоўскага раённага цэнтра выхаваўчай работы. Тэкстам напісання другой агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі па прапанове аддзела адукацыі Мастоўскага райвыканкама будзе “Старая казка Палесся” Юрыя Лабынцава.

У сваю чаргу гродзенскім аддзяленнем “Таварыства беларускай школы” была пададзена заяўка ўладам з просьбай дазволіць правядзенне агульнанацыянальнай дыктоўкі 22 сакавіка ў памяшканні ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Аднак у правядзенні дыктоўкі ў гэтым памяшканні было адмоўлена. У выніку гродзенцы будуць пісаць дыктоўку ў памяшканні Таварыства беларускай школы па вуліцы Будзёнага, 48-а.