Акцыя без тэрмінаў

| Без катэгорыі

Не атрымаўшы хоць якой-небудзь рэакцыі ці адказу з боку афіцыйных уладаў Беларусі (студэнты ЕГУ ўжо накіроўвалі адкрыты зварот у СМІ, а таксама падалі заявы Генеральнаму пракурору Беларусі і амбасадару Беларусі ў Літве), было прынятае рашэнне пра арганізацыю бестэрміновай акцыі салідарнасці з Міколам Дзядком да яго поўнага вызвалення.

 

Іх патрабаванні да сілавых структур Беларусі: альбо вызваліць Дзядка з-пад варты з-за адсутнасці наўпроставых доказаў яго дачынення да якіх бы там ні было правапарушэнняў і злачынстваў, альбо правесці адкрыты і справядлівы суд па матэрыялах справы.

 

Той факт, што дзяржаўныя абвінаваўцы ўжо некалькі разоў змянялі свае абвінавачанні, кажа толькі пра тое, што яны не маюць наўпроставых доказаў дачынення Дзядка да правапарушэнняў. Трымаючы калегу за кратамі, лічаць студэнты, абвінаваўцы намагаюцца зламаць Міколу (пра гэта сведчыць перавод Міколы з СІЗА-1 г. Мінска ў Жодзінскую турму, дзе нашмат больш жорсткія ўмовы ўтрымання). Яны ціснуць на яго маральны стан. Яны ціснуць на сяброў Міколы, патрабуючы даць «патрэбныя следству» сведчанні. Яны не даюць Міколу сустракацца з роднымі, бо тыя «могуць пашкодзіць следству». Такое абыходжанне з маладым чалавекам, віна якога абсалютна не даказаная (а тэрмін знаходжання пад вартай падоўжаны да сакавіка 2011 года), нельга назваць ніяк інакш, як толькі катаваннем.

 

Студэнты просяць пісаць лісты падтрымкі Міколу Дзядку ў жодзінскую турму: Рэспубліка Беларусь, Мінская вобл., г. Жодзіна, 222160, вул. Савецкая 22А, турма № 8, для Міколы Дзядка.