Андрэй Саннікаў: відэаінтэрв’ю з кандыдатам у прэзідэнты

|

У сваім інтэрв’ю Андрэй Саннікаў распавядае пра свой ідэал палітычнага лідэра, любімыя кнігі, пра тое, што зробіць, калі стане прэзідэнтам і ці будзе ў гэтай якасці далучаць сваю жонку да палітыкі.

 

— Ваш ідэал палітычнага лідара?

 

— Гэта лідары Усходняй Еўропы, якія перамаглі ў сваёй барацьбе за дэмакратыю, а потым узначалілі свае дзяржавы. На сённяшні дзень гэта — Валенса, гэта — Гавел, гэта тыя, хто адстойваў правы чалавека.

 

— Вашая ўлюбёная кніга?

 

— У мяне шмат улюбёных кніг. І я магу вельмі доўга распавядаць і пра літаратуру на рускай мове, на беларускай мове, на англійскай мове. Гэта шмат кніг, сапраўды.

 

— На колькі заробак прэзідэнта павінен перавышаць, да прыкладу, заробак настаўніка?

 

— Настаўнікі розныя бываюць. Калі браць прафесіянала, які працуе 20 ці 30 гадоў, выкладчык, прафесар універсітэта, у якога ёсць школа, то ён павінен зарабляць, можа быць, аднолькава, а, мабыць, нават і больш за прэзідэнта. Гэта тычыцца і астатніх прафесій.

 

— З чаго вы вырашылі, што можаце быць прэзідэнтам?

 

— Гэта было асабістае рашэнне, але адначасова і рашэнне ўсёй каманды. І перш за ўсё я раіўся са сваімі блізкімі, сябрамі. Чаму?… Я працаваў на ўзмацненне дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусі, і гэты досвед у мяне пакуль што самы цудоўны з маёй прафесійнай дзейнасці.

 

Таму што сапраўды — новая краіна, Беларусь, падавалася, што будзе развівацца ў накірунку дэмакратыі, у накірунку забеспячэння правоў і свабод чалавека. Гэтага не адбылося. І хацеў бы, каб той мой досвед зараз быў запатрабаваны.

 

— Я нагадаю, што ў свой час спадар Андрэй працаваў у Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Сёння ў свядомасці людзей з розных прычынаў Лукашэнка атаясамліваецца са стабільнасцю. А вы што абяцаеце, што несяце людзям?

 

— Я казаў, што мая стратэгія — гэта інтэграцыя з Еўрасаюзам і стратэгічныя адносіны з Расіяй. Я не казаў бы, што дыктатарскі рэжым можа забяспечваць стабільнасць для людзей.

 

Гэта не стабільнасць! Амаль з першага ж дня стварэння гэтага рэжыму. Нейкі год быў на тое, што шукалі гэтую мадэль — і потым знайшлі. Мы бачым, што тое, што раней дэкларавалася ў адносінах з Расіяй, зараз павярнулася ў іншы бок.

 

Гэта не стабільнасць. Гэта не стабільнасць для бізнэсу, бо бізнэс пад велізарным ціскам. Гэта абсалютная нестабільнасць да ўсіх груп насельніцтва Беларусі: пазбаўленне льгот пенсіянераў, студэнтаў. Я лічу, што еўрапейскі накірунак развіцця і правядзенне рэформ забяспечыць той еўрапейскі ўзровень жыцця, які патрэбны нармальнай Беларусі.

 

— Ці будзеце вы далучаць сваіх жонак да вялікай палітыкі? І ў якім выглядзе?

 

— У мяне жонка — Ірына Халіп. Яна журналіст і не дай Бог ёй стаць палітыкам і заняцца палітыкай. Яна згубіцца як журналіст. Я лічу яе прафесійным, моцным, вядомым журналістам, якая павінна займацца гэтай прафесіяй.

 

З поўным тэкстам інтэрв’ю можна пазнаёміцца на старонцы ЕРБ.

 

Падзяліцца |