$1 400 за абразу міліцыянта на форуме

Як піша гарадзенскі «Милицейский вестник», малады чалавек «на гарадзенскім форуме, не саромеючыся ў выразах” разважаў аб наяўнасці шэрага рэчыва ў супрацоўнікаў ДАІ, закрануў асобу афіцэра міліцыі, які вынес пакаранне, а ў канцы падсумаваў сваю думку з выкарыстаннем “нецэнзурнага выразу”.

 

Аўтара паведамлення вылічылі спецыялісты падраздзяленне па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. На студэнта была заведзеная крымінальная справа па артыкуле «Абраза».

 

Справу перадалі ў суд, які палічыў інтэрнэт-форум сродкам масавай інфармацыі, а дзеянні студэнта — наўмыснымі. Віна карыстальніка была цалкам прызнаная судом, і яму прысудзілі штраф у памеры 100 базавых велічынь. Яшчэ мільён рублёў ён будзе вымушаны выплаціць міліцыянту як «кампенсацыю маральнай шкоды».

 

Нават Вярхоўны суд, да якога дабраўся студэнт, не пажадаў змяняць прысуд. Цяпер студэнту прыйдзецца выкласці з кішэні амаль $1 400.

 

А як у іншых краінах?

Ва Ўкраіне 19 -гадовы карыстальнік чату адседзеў нядаўна 15 сутак арышту «за нецэнзурны выразы ў адрас іншых удзельнікаў чату».

 

У Францыі здарылася амаль такая ж гісторыя, як і ў нас. 19-гадовага маладога чалавека ўвогуле прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі і 1,2 тысячам еўра штрафу за знявагу супрацоўнікаў паліцыі. Малады чалавек таксама парушыў правілы руху, пасля чаго напісаў нешта пра паліцыю ў Facebook.

 

У Іране рэвалюцыйны суд прыгаварыў увосень 2010 г. блогера да 19 гадоў турмы за супрацоўніцтва з «варожымі краінамі», распаўсюд прапаганды і знявагу рэлігійных дзеячаў.

 

Два гады таму расійскаму блогеру прысудзілі год умоўна за каментар у Livejournal. Хлопец напісаў надта эмацыйны каментар пра міліцыю ў аднаго з сваіх фрэнда­ў. Праз некалькі дзён была заведзеная крымінальная справа па артыкуле «распальванне варожасці ў дачыненні пэўных сацыяльных груп».­­

 

Андрэй Сьмятаньнікаў, generation.by

 

Фота: http://www.rus-obr.ru