Раманчук асудзіў трох кандыдатаў у прэзідэнты за акцыі пратэсту

Заява змяшчае наступнае:

 

«19 снежня 2010 года адбылася дэманстрацыя на Кастрычніцкай плошчы Менска. Дадзенае мерапрыемства планавалася выключна як мірны, як выраз думкі грамадзян. На жаль, падчас мітынгу на Кастрычніцкай плошчы М.Статкевіч, А.Саннікаў і В.Рымашэўскі заклікалі і павялі людзей на плошчу Незалежнасці. Там імі былі справакаваныя беспарадкі і ажыццёўлена спроба захопу будынка Дома ўрада. Пад пагрозай апынуліся жыцці тысяч чалавек.

 

Я, кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук, асуджаю заклікі да дзеянняў, якія парушаюць мірны характар правядзення масавых акцый. Падзеі ночы 19 снежня паставілі пад пагрозу жыццё людзей.

 

А.Саннікаву, падаграванаму ягонай жонкай І.Халіп, вельмі хацелася сарваць далікатны дыялог, які зараджаўся паміж Беларуссю і міжнароднай супольнасцю. Я разам з Анатолем Лябедзькам, старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі, неаднаразова спрабавалі пераканаць А.Саннікава і М.Статкевіча адмовіцца ад планаў радыкальных дзеянняў, бо я ўпэўнены, што рэвалюцыі ў Беларусі руйнуюць дэмакратыю. Масавыя акцыі з ужываннем сілы не здольныя стварыць атмасферы для паўнавартага грамадскага дыялогу».

 

«Наша Ніва» звярнулася ў штаб-кватэру Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дзе пацвердзілі, што заява праўдзівая.

 

Здымак з telegraf.by