Гісторыя святочнай елкі

| Без катэгорыі

Выстава адкрылася напярэдадні Калядаў ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі. Ужо стала традыцыяй, што кожны год у снежні музей ладзіць выставы, прысвечаныя зімовым святам. Сёлета навуковыя супрацоўнікі вырашылі распавесці гродзенцам гісторыю святочнай елкі і прадэманстраваць, як упрыгожвалася «каляднае» дрэва.

Выстава дэманструе больш за 200 елачных упрыгожанняў. Большая частка экспазіцыі складаецца з цацак, якія вырабляліся ў Савецкім Саюзе. Варта адзначыць, што змешчаныя на выставе ўпрыгожанні ўзятыя з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, шмат цудоўных экспанатаў прынеслі калекцыянеры Гродна і простыя жыхары.

 

– Я прадставіў навагоднія ўпрыгожанні часоў майго дзеда, – кажа калекцыянер Януш Паруліс. – Гэта памятка з майго дзяцінства заўсёды нагадвае мне, як я малы залазіў на табурэтку і спрабаваў пачапіць каляровыя анёлкі на калючыя лапкі ялінкі. Дому, дзе жыў мой дзед, ужо 115 год, і ім столькі ж. Спадар Януш распавёў таксама, што шмат старых навагодніх упрыгожванняў яго сваякі патрактавалі ў свой час як лішнюю завалу ў хаце і проста выкінулі на сметнік.

 

– Я б сам ніколі не дапусціў такога, – абразліва кажа калекцыянер, – гэта ж такая памяць!

 

Углядаючыся ў старыя елачныя ўпрыгожванні, што, нягледзячы на свой доўгі век, святочна блішчалі пад музейным шклом, наведвальнікі выставы даведаліся таксама пра гісторыю святочнай елкі. Яе распавяла ст. навуковы супрацоўнік музея, аўтарка выставы, Галіна Хомка.

 

Як усё пачыналася

Лічыцца, што першым пра елку загаварыў св. Баніфацый, нямецкі апостал. У паданні гаворыцца, што св. Баніфацый ссек дуб, калі чытаў пропаведзь друідам. Калі ссечанае дрэва падала, то разам з ім паваліліся ўсе дрэвы акрамя аднаго. Адны крыніцы гавораць, што гэта была піхта, другія – елка.

 

У свеце існуе таксама шмат паданняў, чаму менавіта елка лічыцца дрэвам Хрыста. Адно з іх сцвярджае, што калі нарадзіўся Хрыстос, усе дрэвы свету прыйшлі яму пакланіцца. Сярод іх была маленькая елачка, якая прыйшла з поўначы. Другія дрэвы глядзелі на яе, а яна сама адчувала сябе «папялушкай», баялася падысці да маленькага Ісуса. Тады зоркі пачалі спускацца з неба і ўпрыгожваць ялінку. Яна зрабілася такой прыгожай і смелай, што ўжо нічога не баялася.

Цяжка сказаць, хто першым упрыгожыў елку. Большасць гісторыкаў і этнографаў сёння пагаджаюцца, што каляднае дрэва з’явілася ў Нямеччыне яшчэ ў 16 ст. Толькі было яно тады не зусім калядным, бо ставілася не 25-га, а 24-га снежня – у дзень, калі па царкоўным календары ўспамінаюць Адама і Еву, першабацькоў людскога роду. Упрыгожаная яблыкамі ялінка ўвасабляла райскае дрэва пазнання дабра і зла. Акрамя яблыкаў на ялінку вешалі аплаткі альбо вафлі, якія нагадвалі біблейкі хлеб. Як правіла, «каляднае дрэва» падвешвалася да столі, а пасля заканчэння свята дзецям дазвалялася стрэсваць прысмакі і плады, якімі ўпрыгожвалі елку.

 

У гэтыя ж часы на Нямеччыне з’явіўся першы елачны шар. У пэўным горадзе быў неўраджай. Не было яблык, якія звычайна вешаліся на зімовую прыгажуню. Людзі звярнуліся да шклодуваў за дапамогай. Тыя зрабілі шары, якімі і ўпрыгожылі елку. Існуе паданне, што упершыню ўпрыгожыў елку свечкамі Марцін Лютэр. Быццам бы ён неяк прагульваўся ўзімку па вуліцы ў ясную ноч і быў уражаны чароўным відовішчам: над прыцярушанай снегам ялінкай ззяла зорка, якая нібыта апусцілася на верхавіну дрэва. Таму, вярнуўшыся дахаты, ён паспрабаваў аздобіць святочнае дрэва свечкамі, якія на фоне пухнатых галінак таксама нагадвалі зоркі.

 

Традыцыя ставіць і ўпрыгожваць вечназялёнае дрэва на Раство ў беларусаў з’явілася толькі ў ХІХ стагоддзі. Тады ж узнікла і паняцце «Новы год». Да таго часу 31 снежня беларусы-каталікі святкавалі Дзень Св. Сільвестра. Статус дзяржаўнага свята «Новы год» у беларусаў набыў толькі ў перыяд камуністычнага панавання, калі з хрысціянствам пачалася бязлітасная барацьба на знішчэнне.

 

Але не ўся гісторыя святочнай елкі была такой прыгожай. Падчас Першай сусветнай вайны елка была забаронена як «нямецкі звычай». У 1927 г. каляды перастаюць быць афіцыйным святам, а калядная елка аб’яўляецца рэлігійным перажыткам. Толькі ў 1935 г. навагодняе дрэва зноў з’явілася ў хатах людзей. Гэта была ўжо навагодняя елка. Калі раней яе ўпрыгожвалі Віфліемскай зоркай альбо анёлам, цукеркамі, званочкамі, то ў 1935 г. на вершаліне з’явілася пяціканцовая чырвоная зорка, цацкі-будзёнаўцы, чэкісты, піянеры, цацкі, зробленыя з ваты.

 

У пач. 50-х гг.з’явіліся елачкі-малюткі, якія купляліся людзьмі, што жылі ў камунальных кватэрах. У канцы 50-х з’явіўся фільм Разанава «Карнавальная ноч», адразу ж пачынаюць вырабляць цацкі-гадзіннікі, на якіх заўсёды без пяці хвілін 12. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца таксама цацкі на прышчэпках. Калекцыянеры ўсяго свету лічаць, што цацка, якая выраблена да 1966г. – старажытная цацка, яна лічыцца рарытэтам. Цацкі пазнейшага перыяду не так цэняцца, бо гэта была массавая вытворчасць.

 

Елка ў беларуская традыцыі

На жаль, на выставе нічога не гаварылася пра навагоднія атрыбуты беларусаў, а яны таксама мелі свае адметнасці і былі не менш цікавымі. Ялінка, па меркаванні нашых продкаў, існуе не толькі дзеля ўпрыгожвання інтэр’еру, але і мае магічны сэнс. У даўніну дрэвы ўпрыгожвалі не толькі на новы год, але і на ўсе істотныя святы. Такім чынам людзі прыносілі ахвяру багам і адначасова накіроўвалі да іх свае просьбы ды пажаданні. Так, садавіна ды гародніна, ды іншая ежа – на добры ўраджай; выявы птушак, жывёл, рыбін – для поспеху ў паляванні ці жывёлагадоўлі. У справу ішлі стужкі, кветкі, самаробныя цацкі ды лялькі з саломы і іншых прыродных матэрыялаў. А пасля адпраўлення ўсіх абрадаў людзі вярталіся да святочнага дрэва і з асалодай елі, пілі і забіралі ў якасці амулетаў ды абярэгаў тое, што яшчэ нядаўна было ахвярай. Гэтые рэчы і ежа надзяляліся вялікай магічнай сілай, прыносілі шчасце, дабрабыт, здароўе, поспех у справах – нібыта багі ўжо дакрануліся да іх.

 

У часы, калі елка яшчэ не была навагоднім атрыбутам, беларусы ўпрыгожвалі хаты саламянымі павукамі. На падлозе ляжала жытняя салома, а павукі падвешваліся да столі. У сваёй аснове яны мелі дванаццаць аднолькавай даўжыні саломінак, якія звязваліся ў крышталічную структуру. Па-першае, яны з’яўляліся сімвалам года і павінны былі магічна ўздзейнічаць на ўраджай жыта, каб расло яно высока. Павукі падвешваліся да столі, і дзеці павінны былі, гуляючы, высока падкідваць саломку.

Хутка і ў нашых хатах з’явяцца прыгожа ўбраныя ялінкі. Якое ж свята без іх? Некаторыя паставяць штучную прыгажуню ў куточку, хтосьці сімвалічна пакладзе маленькую галінку на стале.

 

Але большасць святочна аздобіць хату сапраўднай пухнатай прыгажуняй, на якой, магчыма, заблішчаць шкляныя пацеркі і зайчыкі на прышчэпках, некалі знойдзеныя ў пудэлках на гарышчы бацькоўскай хаты.