Папулізм альбо рэальная карысць

|

З 1 студзеня Польшча адмяніла плату за нацыянальныя візы для беларусаў.

 

Як пішуць СМІ, “гэта выраз салідарнасці і ўдзячнасці беларускаму народу, які 19 сьнежня паслаў магутны сігнал жадання дэмакратычных пераменаў“.

 

Раней нацыянальная віза каштавала 20 еўра. Пры гэтым кошт шэнгенскай візы, якая выдаецца ў турыстычных і асабістых (напрыклад, наведванне сваякоў альбо сяброў) мэтах па-ранейшаму складае 60 еўра.

 

Трэба ведаць, што існуе цэлы шэраг катэгорый віз, прызначаных для тых або іншых грамадзян.

Яны адрозніваюцца ў залежнасці ад мэтаў вашай паездкі, яе працягласці і іншых крытэрыяў.

 

Візы катэгорыі «А» і «B» заменены зараз у большасці выпадкаў візамі катэгорыі «С».

 

Віза катэгорыі «D» – гэта нацыянальная віза, якая дае права знаходжання ў краіне пастаянна.

Выдаецца для пражывання, для працы, вучобы і іншых важных прычын для сталага знаходжання ў краіне.

 

Аднак такая віза, выдадзеная краінай Шэнгенскага пагаднення, не дае права падарожнічаць у іншыя краіны Шэнгена.

 

Як правіла, пасля атрымання нацыянальнай візы, неабходна зарэгістравацца ў міграцыйнай службе краіны, пасля чаго выдаецца «дазвол на пастаяннае знаходжанне» (яно ж – «від на жыхарства»), якое дазваляе падарожнічаць па ўсіх краінах Шэнгена без віз.

 

Такім чынам, атрымаць польскую нацыянальную візу па новым кошце змогуць далёка не ўсе ахвотныя, а толькі тыя, хто плануе паехаць у Польшчу з дзелавымі мэтамі.

 

Услед за Польшчай аб гатоўнасці адмяніць плату за ўязныя візы для беларусаў у памеры 60 еўра абвясціла 30 снежня Літва.

 

Вільня гатова пачаць адпаведныя перамовы з уладамі ў Мінску, бо ў сувязі з прадугледжаным законам парадкам, Літва не можа аднабакова прымаць такіх хуткіх рашэнняў, як Польшча.

 

У СМІ з’явіліся таксама паведамленні аб тым, што чэскае пасольства ў Мінску таксама не будзе спаганяць консульскія зборы за выдачу віз «некаторым катэгорыям грамадзян».

 

Аднак у самім пасольстве Чэшскай Рэспублікі дадзеную інфармацыю не пацвердзілі.

 

Паводле папярэдніх заяваў Чэхія збіралася знізіць кошт віз з 60 да 35 еўра.

 

З 24 студзеня змяняецца таксама кошт візаў, якія выдае латышская амбасада ў Мінску.

 

Па рашэнню Міністэрства замежных справаў Латвіі, цяпер пры афармленні доўгатэрміновай візы не трэба будзе плаціць дзяржаўную пошліну.

 

Ці адаб’ецца новы парадак выдачы віз на жыцці беларусаў?

Як ставяцца да такіх рашэняў суседніх краін гарадзенцы?

 

Вось некалькі адказаў, якія я ятрымала на вуліцах горада:

 

Вітольд: “Не адаб’ецца, бо атрымаць візу вельмі складана. Я лічу, што гэты крок Польшчы – папулісцкая мера, якая аніякай карысці для грамадзян Беларусі і Польшчы не прынясе».

 

Наталля: «Гэта вельмі добрае рашэнне, таму што дасць магчымасць маладым людзям з’ехаць за мяжу».


Павел: “Праблема з атрыманнем візы як была, так і засталася. Любы беларус быў гатовы заплаціць гэтыя грошы. Галоўнае ў тым, што Польшча не спрасціла атрыманне візы, а толькі зняла кошт “.

 

Кацярына: “Нічога не змянілася, апроч платы. Пакет дакументаў застаўся ранейшым».

 

Фота: http://telegraf.by