Гарадзенец за свой жарт заплаціць тры мільёны

|

25-гадовы хлопец у аўторак патэлефанаваў у міліцыю з інфармацыяй аб замініраванні чыгуначнага вакзалу.

 

Як паведаміў начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС аблвыканкама Георгій Яўчар, ужо праз некалькі хвілін пасля паведамлення быў вызначаны гарадзенскі адрас, з якога быў зроблены званок. Па гэтым адрасе былі затрыманыя два браты ў нецвярозым стане. Малодшы брат, 25-гадовы хлопец, ва ўсім прызнаўся сам.

 

У дачыненні да затрыманага ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт. 340 УК РБ «Загадзя ілжывае паведамленне пра небяспеку». Згодна артыкулу Кодэкса, максімальна строгае пакаранне за падобны ўчынак прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да пяці гадоў.

Гарадзенцу прыйдзецца пакрыць сродкі за працу аварыйных і выратавальных службаў — гэта каля трох мільёнаў рублёў.

Як растлумачыў Георгій Яўчар, у сувязі з тэрарыстычным актам у Расіі гарадзенская міліцыя перайшла на ўзмоцненае патруляванне ў месцах масавага збірання людзей. Адмысловае назіранне вядзецца за рынкамі, плошчамі і вакзаламі. Міліцыянеры павінны звяртаць увагу на падазроных людзей у натоўпе і вялікія торбы.

 

Фота з poezda.net