Антыядзерная кампанія заклікае адмовіцца ад будаўніцтва АЭС на Гродзеншчыне

|

Беларуская антыядзерная кампанія заклікала ўрад Беларусі зрабіць высновы з японскай трагедыі і адмовіцца ад будаўніцтва АЭС на Гродзеншчыне.

Аўтары заявы патрабуюць спыніць будаўніцтва АЭС на Астравецкай пляцоўцы, на месцы якой у 1909 годзе быў зарэгістраваны наймацнейшы ў Беларусі землятрус у 7 балаў.

Удзельнікі беларускай антыядзернай кампаніі заклікалі прызнаць, што бяспечных АЭС не бывае.

 “Мы звяртаемся да кіраўніцтва Беларусі з просьбай адмовіца ад планаў будаўніцтва АЭС і шукаць інвестыцыі на мадэрнізацыю традыцыйнай і развіццё аднаўляльнай энергетыкі”, – гаворыцца ў заяве, якую падпісалі расійскія і беларускія грамадскія арганізацыі і грамадзяне, у тым ліку грамадскае аб’яднанне “Экадом”, расійская група “Экаабарона!”, аргкамітэт стварэння руху “Навукоўцы за бяз’ядзерную Беларусь” і іншыя ўдзельнікі кампаніі.

Доўгі час японскія ўлады … запэўнівалі жыхароў краіны ў тым, што АЭС бяспечныя і што выйсце радыяцыі за іх межы немагчымае, нават у выпадку цяжкога землятрусу.. .

Беларускія атамныя лабісты таксама заяўляюць, што плануемая беларуская АЭС зможа вытрываць землятрус, падзенне самалёта і іншыя знешнія ўздзеянні, але не толькі.

Яны лічаць, што беларуская АЭС будзе бяспечная, хаця на яе праектна-даследніцкія работы выдзяляюць усяго паўгады, нягледзячы на тое, што на такія працы затрачваецца ад 2 да 4 гадоў.

Мы хочам нагадаць аб тым, што паскораная распрацоўка праектнай дакументацыі чарнобыльскіх блокаў – гэта адна з прычын катастрофы”.

 

Землятрус магнітудай 8,9 бала, які адбыўся ў Японіі 11 сакавіка, і цунамі прывялі да аварыі на 2 АЭС.

Радыяактыўнае забруджванне распаўсюдзілася за межы станцый, з небяспечнай зоны эвакуявана ўжо больш за 80000 насельніцтва.

Будаўніцтва катлавана пад закладку першай беларускай АЭС мусіць распачацца ў верасні. Увод першага блока Астравецкай АЭС запланаваны на 2017 год.

Паводле http://belapan.by/