ЖЫРОВІЦЫ: СЯБРОЎСТВА, НАВУКА, ДЫЯЛОГ

Удзельнікі сумеснага семінару разгледзелі падзеі царкоўнай гісторыі канца XVI – пачатку XVII стагоддзяў. Падчас семінару абмяркоўваліся праблемы царкоўнай уніі, узаемадзеяння розных канфесій на беларускіх землях…

Першая падобная сустрэча адбылася ў лістападзе мінулага года. На гэты раз дыскусія атрымалася не менш цікавай і насычанай. Амаль кожнае выступленне дапаўнялася шматлікімі каментарыямі з боку аудыторыі. Сам семінар па часе заняў каля шасці гадзін. І гэта не дзіўна, улічваючы актуальнасць разглядаемых пытанняў. Выступленні датычыліся стану Праваслаўнай Царквы на беларускіх землях у XVII стагоддзі, ерэтычных, рэфармацыйных і унійных рухаў.

Калі госці закраналі лёсавызначальныя падзеі ў гістарычным ракурсе, то для навучэнцаў духоўных школ важна было падкрэсліць багаслоўскі кантэкст. Семінарысты з цікавасцю слухалі прапановы гісторыкаў. «У XVII стагоддзі адбываліся працэсы, якія можна пры пэўных акалічнасцях назваць праваслаўнай рэфармацыяй» – сцвярджаў адзін з гродзенскіх гісторыкаў. «Праваслаўная рэфармацыя – гэта нонсенс! » – апелявалі багасловы. І ўжо пасля семінару, калі на гадзінніку было за поўнач, размова працягвалася ў неафіцыйным фармаце. …Вяртаючыся позняй ноччу пасля насычанага разумовай дзейнасцю дня на месца свайго начлегу, я заўважыў, якая цудоўная і непаўторная цішыня валадарыць у Жыровіцах! Там, у Вялікім Горадзе, яе так не хапае, а тут яна ўся зіхаціць у незвычайна зорным небе. Неаднаразова я чуў пра асалоду, якую адчуваюць ад гэтай цішыні семінарысты з Мінска, Гомеля і іншых «трошкі-мега-полісаў»… Больш за чатырыста год Свята-Успенцкі Жыровіцкі манастыр з’яўляецца цэнтрам духоўнага жыцця Беларусі. Ён быў заснаваны на месцы яўлення цудадзейнай іконы , якая сёння ўшаноўваецца як адна з галоўных хрысціянскіх святынь Беларусі. Сцвярджаецца, што ў 1470 годзе мясцовыя пастухі ў лесе ў галінах дзікай грушы ўбачылі свячэнне. Свет зыходзіў ад іконы, якая ўяўляла сабой невялікі авал дробназярністага граніту з выявай Божай Маці і дзіця. Пастухі аднеслі ікону мясцоваму шляхцічу, які не звярнуў асаблівай увагі на расказы сваіх людзей, а рэліквію паклаў у шкатулку. Ікона раптам знікла. Праз некалькі дзён тыя ж пастухі знайшлі святыню на тым жа месцы. На гэты раз шляхціч сур’ёзна аднёсся да справы і збудаваў на месцы з’яўлення іконы драўляную царкву. Праз паўстагоддзя ў Жыровіцах здарыўся моцны пажар, царква была знішчана агнём. Але на пажарышчы іконы не было. Надзея знайсці рэліквію знікла, калі раптам дзеці, якія гулялі побач з пажарышчам, убачылі на вялізным камяні Божую Маці. Яна трымала ў руках маленькую ікону. Выратаваная самой Божай Маці святыня па сённяшні дзень захоўваецца ў манастыры. На ёй можна бачыць сляды агню. …Днём машынапаток у Жыровіцах – хутчэй умоўнасць, даніна сучаснасці, тут нават аўтобусы не вельмі шумяць. Людзі жывуць у спакойным аптымістычна-містычным рытме. Зрэдку можна заўважыць, што вакол існуе нібы дзве паралелі. Адна з іх – гэта свет манастыра, дзе працякае размеранае жыццё манахаў, святароў, навучэнцаў духоўных школ. Дарэчы, семінарысты дабразычліва аднесліся да маёй спробы правесці паралель паміж імі і сюжэтам гогалеўскага «Вія». Маўляў, усё чалавечае ўласціва людзям. Здаецца, з «усяго чалавечага» семінарысты выхоўваюць толькі лепшае. Нават у інтэрнаце для навучэнцаў семінарыі, дзе жылі і мы, нельга было пачуць абразу ці лаянку. Аднойчы ноччу мы сталі сведкамі нечага нецэнзурнага, але гэта даносіліся галасы з вуліцы, дзе, напэўна не зусім цвярозыя хлопцы, вяртаючыся з мясцовага клуба, «абмяркоўвалі» прэтэндэнтаў на руку нейкай дзяўчыны (ну гэта калі ў карэктным скароце!). Вось там існуе іншы свет, пазаманастырскі. Як гэта не сумна, але з гэтага свету прыбылі мы і праз два дні мелі вярнуцца назад. Шумным турыстычным цэнтрам Жыровіцы становяцца ў нядзелю, калі сюды на багаслужэнне з’язджаюцца сотні вернікаў, праводзяцца дзесяткі экскурсій для турыстаў і паломнікаў. Машын столькі, што на імгненне адчуваеш сябе дома. Здаецца, такая шумлівасць нагадвае больш сярэднявечча, чым постіндустрыяльную эпоху. Як нам паведаміў адзін з паслушнікаў, у некаторыя дні яму даводзіцца праводзіць пяць-сем экскурсій. Прычым, некалькі экскурсаводаў звычайна працуюць адначасова з рознымі групамі.

Пра Жыровіцы можна расказваць бясконца. Экскурсія па святых месцах уключае наведванне храмаў, заснаваных на святых месцах, якія знаходзяцца на тэрыторыі манаскага двара. Сюды нават семінарысты без бласлаўлення не заходзяць, тут жывуць толькі манахі. У цэнтры знаходзіцца Яўленская царква, дзе ў алтарнай частцы захоўваецца той самы вялізны камень, на якім дзеці ўбачылі Божую Маці. Трошкі далей – храм, у якім знаходзяцца 29 ступенек, па ліку ступенек, якія прайшоў Іісус Хрыстос падчас сустрэчы з Понціем Пілатам. Гэта унікальны помнік, падобная сімвалічная лесвіца ёсць толькі ў Ватыкане. У манаскім садзе можна ўбачыць незвычайны «пчаліны храм». А

днім з запамінальных момантаў падарожжа з’яўляецца наведванне святой крыніцы з цудадзейнай вадой. Па легендзе, пасля яўлення Божай Маці ў ваколіцах Жыровіц прачнуліся некалькі святых крыніц. І да сённяшняга дня фіксуюцца выпадкі, калі дзякуючы святой вадзе з гэтых крыніц людзі вылечваюцца ад многіх хвароб. Падчас знаходжання ў Жыровіцах госці з Гродна пазнаёміліся з суровым для звычайнага чалавека укладам жыцця семінарыстаў. Гэта быў час Вялікага посту, што спачатку трошкі смучала. Аднак нішто не перашкодзіла атрымаць сапраўднае задавальненне ад рацыёну семінарыстскай трапезы. «Я і не думаў, што посная ежа можа быць такой смачнай! » – з задавальненнем канстатаваў адзін з гродзенцаў.