Чатыры лапы патрабуюць павагі

Арганізатарамі канферэнцыі былі: Міжнародная арганізацыя па абароне жывёл «Чатыры лапы», Федэрацыя ветэрынараў Еўропы, італьянскі інстытут Капарале.

 

Канферэнцыя праводзілася на базе Сойму Літоўскай Рэспублікі пад патранатам міністра сельскай гаспадаркі Літвы і яго намесніка, дэпутатаў Сойму, кіраўніка дэпартаменту дабрабыту жывёл Еўрапейскай камісіі. Прадстаўнікі Бельгіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Беларусі, Даніі, Фінляндыі, Германіі, Расіі і Швецыі расказвалі пра тое, якая ўвага надаецца дабрабыту жывёл і якія меры прымаюцца для барацьбы з праблемай бяздомных жывёл.

 

Многія краіны з гонарам казалі пра тое, што ў іх няма бяздомных сабак. Гэта адбываецца, дзякуючы дзяржаўнай праграме развіцця прытулкаў, праграме рэгістрацыі і ідэнтыфікацыі сабак (калі ўладальнік не можа пакінуць сваю сабаку проста на вуліцы, таму што будзе пакараны).

 

Аднак праблемай для многіх краін застаюцца бяздомныя коткі. Асноўная мера па скарачэнню іх колькасці – адлоў, стэрылізацыя, пошук гаспадароў на працягу пэўнага часу і, калі гаспадары не знаходзяцца, вяртанне іх у «казённае» асяроддзе. Пры гэтым коткі застаюцца пад наглядам валанцёраў і грамадскіх арганізацый, якія праводзяць вакцынацыі і кормяць пітомцаў.

 

Спецыяльныя семінары на канферэнцыі былі прысвечаны арганізацыі прытулкаў, праграме рэгістрацыі і ідэнтыфікацыі сабак, а таксама навучанню дзяцей розных узростаў асновам біяэтыкі. У выніку канферэнцыі ўдзельнікамі была прынятая дэкларацыя, якая аб’ядноўвае лепшыя практыкі нацыянальных заканадаўстваў, якія тычацца дабрабыту жывёл-кампаньёнаў.

 

У прыватнасці, у дэкларацыі гаворыцца пра тое, што:

– жывёлы з’яўляюцца разумнымі істотамі;

– неабходна адказнае валоданне жывёламі;

– нацыянальнае заканадаўства павінна паважаць і ўкараняць наступныя свабоды жывёл: свабода ад голаду і смагі, свабода ад дыскамфорту (жывёла павінна быць забяспечана дахам); свабода ад болю, калецтва і хваробы; свабода неабходнага прастору і абсталявання; свабода ад страху і стрэсу…

 

Асобныя параграфы прысвечаны этычнай практыцы, практыцы адказнага валодання жывёламі і пытанням сацыяльнай асветы. Ад прадстаўніка міжнароднай арганізацыі па абароне жывёл «Чатыры лапы» паступіла прапанова правесці падобную канферэнцыю ў Беларусі з удзелам беларускіх парламентарыяў, ветэрынараў, настаўнікаў і супрацоўнікаў адпаведных міністэрстваў.