«Чырвоная зорка» на гарадзенскім «кінасхіле»

| Без катэгорыі

Рамонт у кінатэатры «Чырвоная Зорка» доўжыўся пяць гадоў. Увесь гэты час вялася праца па здзяйсненні ўнікальнага для Беларусі праекту. Адноўленая «Чырвоная зорка» стала першым у краіне кінатэатрам павышанай камфортнасці. Мягкія, зручныя канапы, столікі з падсветкай, кнопкі выкліку афіцыянтаў – пагадзіцеся, для нашага не распешчанага высокім узроўнем сэрвісу народу бачыць усё гэта ў звычайным кінатэатры мясцовага маштабу – ужо свята. Але азначэнне «звычайны» ці «шэраговы» для гэтай сучаснай культурнай установы ўжо зусім не актуальнае.

50 месцаў т. зв. «эканом-класа», якія займаюць першыя шэрагі, і больш за 80 месцаў са столікамі чакаюць аматараў кіно кожны дзень з 11 да 23 гадзін. Два бары – ад гандлёвага дому «Нёман», з якіх уладальнікі білетаў на балконе змогуць перад пачаткам кінасеансу замовіць алкагольныя напоі і гарачыя стравы, а тым, хто аддасць перавагу месцам унізе, прынясуць дэсерт, садавіну ці прахаладжальныя напоі.

У выходныя будуць ладзіцца ранішнікі для дзяцей з культурна-займальнай праграмай і паказам дзіцячага кіно.

alt=”zvezda1″ >

Падчас адкрыцця кінатэатру першых наведвальнікаў ветліва сустракалі шматлікія… «чапліны» – хлопцы і дзяўчыны з каледжу мастацтваў, пераапранутыя ў касцюмы вялікага коміка. Відовішча было захапляючым. Яны то заміралі на некалькі хвілін, як лялькі, то пачыналі прытанцоўваць у славутым «чаплінскім» стылі.

Нязменная зорка нямога кіно, чорна-белы і заўсёды «маўклівы», стары добры Чарлі Чаплін стаў сімвалам адраджэння кінатэатру, а фота з яго выявамі – асноўнай тэмай у афармленні інтэр’еру. «Чырвоная Зорка», дарэчы, з дня свайго адкрыцця атрымала права першай у Гродна атрымліваць усе кінанавінкі.

Стваральнікі самой ідэі кінатэтру такога тыпу паставілі перад сабою па меншай меры высакародную мэту – зламаць стэрэатып «чмякаючага», «хрумстаючага» і «шамацеючага» пачкамі ад чыпсаў і семак стандартнага кінагледача і стварыць новую культуру кінапрагляду! Але… Ці падтрымаюць гэтую ідэю самі гледачы?

Таццяна Данчышына

Фота аўтара