Прадпрыемства «Гроднатэкстыль» ліквідуюць

|

Пры гэтым ААТ «Гранітэкс» даручана забяспечыць працаўладкаванне ўсіх 293 работнікаў прадпрыемства, якое ліквідуецца, у адпаведнасці з заканадаўствам. Паводле просьбы «Гранітэкса» і хадайніцтва Гродзенскага аблвыканкама вырашаецца пытанне аб перадачы інтэрната РУВП «Гроднатэкстыль» на баланс ААТ з наступным павелічэннем статутнага фонду прадпрыемства.

 

У лістападзе мінулага года канцэрн «Беллегпрам» сумесна з Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам прынялі рашэнне аб неабходнасці рэарганізацыі РУВП «Гроднатэкстыль» шляхам далучэння да ААТ «Гранітэкс». Канцэрн падрыхтаваў праект указа аб дзяржаўнай падтрымцы ААТ «Гранітэкс», аднак дакумент не быў узгоднены.

 

Рашэнне канцэрна абумоўлена шэрагам прычын, растлумачылі ў прэс-службе. Санацыя РУВП «Гроднатэкстыль», якая доўжылася амаль тры гады (пачынаючы з 2002 года), станоўчых вынікаў не дала. Міравое пагадненне, падпісанае ў 2005 годзе паміж РУВП «Гроднатэкстыль» і крэдыторамі на пэўных умовах да 2010 года, толькі адтэрмінавала выплату наяўнай запазычанасці, але не вырашыла праблему плацежаздольнасці прадпрыемства і прывяло да стварэння новых даўгоў.

 

У канцэрне палічылі, што з прычыны недахопу ўласных абаротных сродкаў, наяўнасці значнай пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці не ўяўляецца магчымым стабілізаваць працу прадпрыемства, забяспечыць рост аб’ёмаў вытворчасці і заработнай платы. Пры гэтым сітуацыя ўскладняецца высокай ступенню зносу тэхналагічнага абсталявання (больш за 95%), што робіць немагчымым выпуск высакаякаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі, зазначылі ў прэс-службе.

 

У «Беллегпраме» паведамляюць, што «Гроднатэкстыль», улічваючы цяжкае фінансава-эканамічнае становішча, не мае магчымасці накіроўваць сродкі, якія зарабляе, на развіццё прадпрыемства. Тэхнічнае перааснашчэнне з’яўляецца эканамічна немэтазгодным, таму што патрабуе значных капітальных укладанняў (паводле папярэдніх разлікаў, больш як 50 млрд. рублёў). Пры гэтым у краіне аналагічную прадукцыю вырабляе ААТ «Сукно» ў Мінску, тэхнічная база якога ўжо значна абноўлена.