Працяг памежнай «эпапеі»

|

На працягу месяца ў Падляшскім ваяводстве праходзіла акцыя грамадскага націску на беларускія ўлады. Учора на Рынку Касцюшкі ў Беластоку вынікі падвёў яе ініцыятар, дэпутат польскага Сойму ад правячай партыі Грамадзянская Платформа і кіраўнік парламентскай групы па справах Беларусі Роберт Тышкевіч.

 

Да акцыі далучыліся мясцовыя самакіраванні ваяводства. Зварот быў адпісаны ад імя гмін Семятычы, Гайнаўка, Сакулка, Нарэўка, аўгустоўскага і сейненскага паветаў. Падпісваліся таксама няўрадавыя арганізацыі і прыватныя асобы. Ліст меў быць перададзены ў Генеральнае Консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку ў сераду пасля абеду, аднак аказалася, што яно зачыненае. У выніку, зварот трапіць туды поштай.

 

Акрамя таго, скіравана 670 асобных зваротаў і даслана 200 электронных лістоў.

 

“Мы робім гэта, бо верым у добрае суседства паміж Польшчай і Беларуссю. Верым, што гэта можа быць суседства двух еўрапейскіх краін” – сказаў Тышкевіч.

 

У канцы імпрэзы сабраныя на Рынку выпусцілі ў неба блакітныя шарыкі з надпісам “Мы хочам малага памежнага руху” і зваротам да беларускіх улад. Паводле Тышкевіча, гэта меў быць сімвал салідарнасці з беларусамі, якія маюць усё больш клопатаў з перасячэннем мяжы.

 

Зусім нядаўна ў падобнай справе паскарэння ратыфікацыі дамовы да кіраўніцтва Беларусі звярталася гарадская рада Беластока.

 

Першы сакратар беларускай амбасады ў Польшчы Аляксей Зялёнка, адказваючы на пытанне PAP, пацвердзіў, што беларускі бок таксама жадае як мага хутчэй адкрыць малы памежны рух, аднак, існуюць перашкоды тэхнічнага характару, праз якія дамова будзе дзейнічаць у практыцы не раней за канец бягучага года. Толькі тады, калі тэхнічныя пытанні адпаведнага абсталявання консульстваў і памежных пераходаў будуць вырашаныя, беларускі бок перадасць Польшчы дыпламатычную ноту. Паколькі дамова пачне дзейнічаць ужо праз 30 дзён пасля абмену нотамі, такога кшталту пытанні мусяць быць вырашаныя раней.

 

Таксама спадар Зялёнка дадаў, што існуючыя цяпер паміж абедзвюмя краінамі складаныя адносіны не дазваляюць правесці дадатковых сустрэч ці кансультацый, якія б маглі паскорыць працэс.

 

Паводле PAP

Здымак Ewelina Sadowska, bialystokonline.pl