Да 1 жніўня можна спрошчана зарэгістраваць свой мапед

З пачатку гэтага году ў параўнанні з першым паўгоддзем мінулага году з 19 да 11 скарацілася колькасць аварыяў па віне матацыклістаў, з 18 да 14 параненых у іх людзей, галоўны пазітыўны вынік – адсутнасць смяротных зыходаў гэтых аварыяў. Для параўнання – у мінулым першым паўгоддзі ў ДТЗ з удзелам матацыклістаў загінулі 4 чалавекі.

 

Паляпшэння сітуацыі супрацоўнікі гродзенскай ДАІ дасягнулі, падае gaigrodno.by, дзякуючы “жорсткай прынцыповай пазіцыі ў адносінах да матацыклістаў-парушальнікаў”: дастаўка на штрафстаянкі незарэгістраваных, пераабсталяваных байкаў, спыненне спробаў кіраваць матацыкламі без правоў, ездзіць на іх без шлемаў, ліхачыць на матацыклах.

 

Улетку традыцыйна павышаецца верагоднасць здарэння аварыяў з удзелам матацыклістаў. Таму каб зафіксаваць паляпшэнне сітуацыі на дарогах, дзе ў летні сезон павялічваецца колькасць маладых матацыклістаў, супрацоўнікі гродзенскай ДАІ будуць праводзіць мэтавую аперацыю з 22 па 26 ліпеня:


Будзем узмоцнена наглядаць асабліва за маладымі ўладальнікамі матацыклаў і мапедаў, у тых месцах, дзе іх збіраецца, – патлумачыў “Твайму стылю” інспектар агітацыі і прапаганды Гродзенскай ДАІ Ігар Гардзійчук. – У тых, хто не мае правоў ці мае незарэгістраваны матацыкл ці мапед, будзем забіраць транспартныя сродкі на штрафстаянку і прыхіляць іх уладальнікаў (ці бацькоў у выпадку непаўнагадовых) да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам без правоў, што з’яўляецца грубым парушэннем.

 

Адным з балючых пытанняў з’яўляюцца маладыя ўладальнікі мапедаў, кажа Ігар Гардзійчук. З гэтага году, каб кіраваць мапедам, трэба займець правы катэгорыі АМ і зарэгістраваць свой транспартны сродак. Здаваць правы на мапед нескладана – трэба толькі здаць тэарэтычны экзамен на веданне правілаў дарожнага руху. Але моладзь усё роўна мала звяртаецца, каб атрымаць гэтую катэгорыю, і ездзіць на мапедах без правоў – у асноўным яны і ствараюць аварыйныя сітуацыі на дарогах з удзелам матацыклістаў.

 

Да 1 жніўня у нас ідзе спрошчаная рэгістрацыя мапедаў. І я актыўна заклікаю скарыстацца гэтым спрошчаным варыянтам, бо пасля 1 жніўня рэгістраваць свой мапед трэба будзе у такім жа парадку, як і аўтамабіль, што больш складана, – дадаў Ігар Гардзійчук.

 

Здымак з grodnonews.by