Раварыстам паабяцалі залатаць дзіры на тратуарах

У адказе адзначаецца, што “пры абследаванні, сумесна з прадстаўнікамі КУП “Рэмбудаўтадор”, пазначанага ў заяве маршрута, былі выяўленыя ўчасткі, якія патрабуюць рамонту пакрыцця і замены бартавых камянёў. Прынята рашэнне аб ліквідацыі дадзеных эфектаў у тэрмін да 15.09.2011”.

 

Абазначыць па просьбе гродзенскіх раварыстаў на тратуарах па маршруце першай Бардзюрнай пятніцы роварную дарожку ўпраўленне ДАІ палічыла немэтазгодным, “бо ў адпаведнасці з п. 148 Правілаў дарожнага руху “рух на ровары павінен ажыццяўляцца” па роварнай дарожцы, а пры яе адсутнасці – па збочыне, тратуары ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкодаў для бяспечнага руху пешаходаў”.

 

Мы дасылалі ліст у дзве ўстановы – у гарвыканкам і упраўленне ДАІ, адказ пакуль прыйшоў толькі ад ДАІ. Шкада, што адказ даволі кароткі – хацелася б пачуць на нашыя пункты звароту больш змястоўныя адказы, – каментуе адказ ДАІ адна з удзельніц Бардзюрнай пятніцы Юля. –  Што да вынікаў адказу – напрыклад, па пункце пра высокі ўзровень бартавых камянёў. Мы згодныя, што ў горадзе яны замяняюцца, але часам усё роўна новыя бардзюры занадта высокія, яны перашкаджаюць раварыстам, інвалідам-калясачнікам, дзіцячым вазкам. Таму пра гэта мы яшчэ будзем пісаць далей, каб бардзюры рабілі адпаведнымі нормам. Адказ на наш пункт пра рамонт дэфектаў тратуару на пазначаным намі маршруце лічу маленькім нашым поспехам – калі верыць лісту, то да верасня абацалі прынамсі вялікія дзіры абяцалі залатаць.

 

З адказам на наш пункт пра немэтазгоднасць абазначэння на тратуарах роварнай дарожкі мы не згодныя катэгарычна. Будзем зноў пісаць ва ўпраўленне ДАІ па гэтым пункце.

 

Другая Бардзюрная пятніца адбудзецца на гэтым тыдні па новым маршруце. Раварысты плануюць захапіць раён БЛК, Горкага, Дубко, зноў падрыхтаваўшы мапу хібаў на тратуары і пешаходных пераходах, каб накіраваць яе ў гарвыканкам і ДАІ.

 

Нагадаем, “Крытычная маса” спыніла сваё існаванне ў Гродне, пасля таго як ДАІ выставіла да яе ўдзельнікаў невыканальныя патрабаванні рухацца толькі па тратуарах. Гродзенскія раварысты вырашылі захаваць традыцыю масавага катання на роварах праз горад, змяніўшы фармат акцыі. У выніку паўстала Бардзюрная пятніца, калі ў апошнюю пятніцу месяца раварысты абіраюць новы маршрут, перасоўваючыся на роварах па тратуары. Падчас Бардзюрная пятніцы раварысты робяць замеры бардзюраў, фіксуюць парушэнні іх вышыні, фатаграфуюць разваленыя тратуары і складаюць ліст у гарвыканкам і ДАІ з просьбай выправіць гэтыя хібы.

 

Здымкі velogrodno.by