Гульня ў жыццё

|

Форум-тэатр – гэта ролевая гульня. Яна палягае на тым, што ў ходзе спектакля акцерамі разыграецца сцэна, якая адлюстроўвае праблему. Пасля кожны з гледачоў можа замяніць каго-небудзь з герояў і прапанаваць свой варыянт паводзін у толькі што прадэманстраванай сітуацыі.

 

Арганізатарамі мерапрыемства пад назвай  “Тэатр для грамадства” былі сябры грамадскага аб’яднання “Гарадзенскі дзіцячы хоспіс”.

 

Па словах каардынатаркі праекту Насці Кулінкі, галоўнай яго мэтай было не толькі паспрабаваць знайсці лепшыя рашэнні існуючых праблем.

 

– Мы спрабуем навучыць падлеткаў з абмежаваннямі абараняць свае правы і інтарэсы, садзейнічаем сацыяльнай  адаптацыі дзяцей і раскрыццю іх творчага патэнцыялу, – падкрэслівае спадарыня Кулінка.

 

Дзеці ў час прэзентацыі выступалі сапраўды таленавітыя: паказвалі свае акрабатычныя і танцавальныя нумары, спявалі і чыталі вершы.

 

Цалкам відовішча складалася з двух спектакляў, пабудаваных на сітуацыях з жыцця. У адным з іх бацькі прывезлі дачку, якая карыстаецца інваліднай каляскай, на экзамен у музычную школу. Паводле сцэнару яе не прынялі на вучобу, нягледзячы на выдатныя вынікі выпрабаванняў. Так здарылася з-за адсутнасці ў школе безбар’ернага асяроддзя.

 

Гледачы прапанавалі некалькі рашэнняў праблемы. Нехта выступіў у ролі бацькі, які паабяцаў быць побач з дачкой у час заняткаў і дапамагаць ёй. Найлепшае выйсце было знойдзена, аднак, калі глядач выступіў у ролі дырэктара і ўзяў на сябе адказнасць за тое, каб у школе з’явіліся ліфты ды пандусы.

 

У іншых сцэнках звярталіся да праблемаў узаемаадносін паміж дзецьмі і бацькамі, а таксама – не заўсёды добрага стаўлення  аднакласнікаў і настаўнікаў да дзяцей з абмежаваннямі.

 

–  Мне вельмі спадабалася! Шкада толькі, што не паспела пазнаёміцца с дзяўчынкай, якая спявала рукамі –дзеліцца ўражаннямі глядачка незвычайнага тэатру Жэня Ламах.


А вось Марыю, якая не ўпершыню назірала за працай форум-тэатру, нават здзівіла тое, што акцёры не заўседы паспявалі за ходам падзей, які прапанавалі замяняючыя іх гледачы.

 

Марыя, якая сама з’яўляецца чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі і працуе з гэтай сацыяльнай групай звярнула ўвагу на тое, што мерапрыемства атрымалася б больш эфектыўным, калі б побач з дзецьмі-інвалідамі знаходзіліся іх здаровыя аднагодкі, а не дарослыя валанцёры-студэнты.

 

У спектаклях прымалі ўдзел таксама дзеці з запаволеным псіхічным развіццём, таму ім сапраўды было складана – адказвае на крытычную заўвагу Насця Кулінка. Яна прызнаецца, што ўдзел у форум-тэатры такіх людзей – гэта свайго кшталту эксперымент і не было да канца вядома, что з гэтага атрымаецца.

 

Зараз мы працягваем работу, праводзім з дзецьмі разнастайныя  апытанні, робім “малюнкі дня”, і я бачу, што мы не памыліліся. Падлеткі сапраўды сталі больш упэўненнымі ў сваіх сілах, – дадае каардынатарка праекту. Што тычыцца запрашэння дзяцей без абмежаванняў, дзяўчына ўпэўнена, што гэта атрымаецца наступным разам.

 

Разважаючы пра тое, навошта патрэбныя такія сустрэчы, большасць маіх суразмоўцаў , якія з’яўляюцца людзьмі з абмежаваннямі, прызнаваліся, што такія імпрэзы – дадатковы шанец выбрацца з хаты, пагутарыць адзін з адным.

 

Таму добра было б ладзіць такія мерапрыемствы часцей, выносіць іх за рамкі “адзінай арганізацыі”, запрашаць новых людзей, якія хочуць рабіць нашае жыццё крышачку лепшым.

 

Глядзіце таксама фотарэпартаж з мерапрыемства!

 

Фота Юліі Каляды