15 год дабрачыннай працы

|

Як паведаміла “Твайму Стылю” рэферэнт арганізацыі Алена Міхайлік, на імпрэзе плануецца святочны канцэрт, выступы гасцей з розных еўрапейскіх краін, супрацоўнікаў Карытасу, прадстаўнікоў улады і ўручэнне прэміі місіі за супрацоўніцтва ў некалькіх намінацыях.

Рэлігійная місія “Карытас” займаецца дабрачыннай дзейнасцю па шэрагу накірункаў. У Гродна існуе пункт дапамогі бедным людзям, дзе шматдзетныя сем’і, дзеці-сіроты, сацыяльна неабароненыя грамадзяне могуць атрымаць ежу і ўжыванае адзенне. Карытас супрацоўнічае таксама са шпіталямі, якім дапамагае медычным абсталяваннем, лекамі, мэбляй. Ёсць свой бясплатны аптэчны пункт, у якім людзі састарэлага ўзросту, інваліды або іншыя людзі ў патрэбе могуць атрымаць лекі. У кірунку працы з дзецьмі Карытас дапамагае школьнымі прыладамі дзецям-сіротам, дзецям з шматдзетных, няпоўных і малазабяспечаных сем’яў. У вёсцы Нецеч Лідскага раёна існуе дзіцячы летнік Карытасу. Па Гарадзеншчыне пры касцёлах працуюць прыходскія секцыі – у Воранава, Слоніме, Іўі, Лідзе і іншых мясцовасцях.

У Карытасе Гродзенскай епархіі стала працуе 11 чалавек і 200 валанцёраў, якія дапамагаюць у дабрачыннай дзейнасці – дактары, настаўнікі і інш.