Беларускія турфірмы прапануюць адпачынак у Беларусі па расейскіх расцэнках

Амаль усе апытаныя фірмы кажуць, што ў сэнсе коштаў гэты новы год мала чым будзе адрознівацца ад мінулага. Таннымі Каляды па-беларуску не атрымаюцца. Як распавяла Кацярына з турфірмы “Экспресс-тур”:

Зараз найбольшай папулярнасцю сярод адпачываючых карыстаюцца разнастайныя санаторыі і гасцініцы, асаблівы сталічныя. У асноўным за паслугамі звяртаюцца расейцы, бо іх прываблівае кошт і традыцыйна высокая якасць аказваемых у Беларусі паслуг. Так, сума мінімум ў 2-3,5 мільёны, а часам і больш, за сустрэчу Новага года і Калядаў у нашым санаторыі – гэта не праблема для іх. Часам некаторыя санаторыі нават меню пералічваюць на расейскія рублі, каб госці адчувалі сябе максімальна камфортна.

На сёння шмат базаў адпачынку ўжо запоўнена, а гасцініцы забраніраваны. Прыкладна такая ж сітуацыя і з мінскімі гасцініцамі. Што турааператары прапануюць на Гродзеншчыне? Дарэчы, інфармацыя пра кошты ў санаторыях Гродзенскай вобласці з самага пачатку разлічана ў расейскіх рублях. На сёння курс расейскага рубля на БВФБ складае 274 беларускія рублі за расейскі.

Такім чынам, санаторый “Нёман – 72”, які знаходзіцца ва ўрочышчы “Грандзічы”. Заезд павінен быць не менш як на 15 дзён, кошт у суткі складае: двухмясцовы нумар дарослы – 670 расейскіх рублёў, дзіцячы (да 15 гадоў) – 540 расейскіх рублёў. У гэтую суму уваходзіць пражыванне ў нумары, чатырохразавае харчаванне і медыцынскія працэдуры.

Карыстаецца папулярнасцю санаторый “Парэчча”, які знаходзіцца на беразе возера Малочнае. Кошт за двухмясцовы аднапакаёвы нумар складае 19 620 + 1 570 расейскіх рублёў на 12 дзён. У суму уваходзяць пражыванне, 5-разовае харчаванне з замоўным меню, медыцынскія працэдуры. Навагодні банкет – дадамо яшчэ прыкладна ад 2 500 расейскіх рублёў (каля 685 000 беларускіх рублёў).

Што тычыцца сталічных горналыжных комплексаў, то карціна наступная: двухмясцовы нумар у “Лагойску” каштуе 166 820 беларускіх рублёў у суткі, ежа ў гэтую суму не ўваходзіць, як і пракат лыжнай экіпіроўкі, і плата за пад’ёмнік, і інструктар… У гасцініцы горналыжнага курорта “Сілічы” двухмясцовы аднапакаёвы нумар каштуе 210 000 тысяч рублёў у суткі і ўлічвае ў сябе сняданак. Пракат лыжнай экіпіроўкі – за дадатковыя грошы. У мінулым годзе “Сілічы” увялі для сваіх гасцей сістэму абанементаў, каб спрасціць адпачынак, і абанемент на аднаго чалавека з пражываннем у двухмясцовым нумары з трохразовым харчаваннем і пракатам канатнай дарогі на ўвесь час абанемента тады каштаваў 918 500 тысяч беларускіх рублёў на пяць дзён. Сёлета кошт такога адпачынку павялічыцца.

Цікавы варыянт – правесці Каляды разам з камандай КВН БДУ ў “Ждановічах” – прапануе адна з мінскіх турфірмаў. Каштаваць мерапрыемства будзе 220 даляраў + 120 000 беларускіх рублёў за турыстычную паслугу, куды ўваходзіць харчаванне All Inclusive і пражыванне ў гатэлі 2*. Працягласць тура ад 3/2 (дня/ночы) да 9/8 (дня/ночы).

Такім чынам, большасці беларусаў давядзецца, хутчэй за ўсё, сустракаць навагоднія святы ў хаце, бо і вандроўка ў Еўропу, і святкаванне ў беларускім санаторыі ці доме адпачынку пацягне значную суму, прычым не ў беларускіх рублях.

Здымак з www.belmy.by