Як не паддацца на хітрыкі рэкламы

Кожны з нас, напэўна, разумее, што кошт рэкламы закладзены ў кошт тавару і разрэкламаваны тавар каштуе , адпаведна, даражэй чым “нераскручаныя” аналагі.

 

Даражэйшы тавар мы купляем звычайна таму, што ў рэкламе сказалі, што ён самай высокай якасці, зроблены з элітнага гатунку чагосьці там, або ў яго дададзены экстракт дрэва, якое ў свеце засталося толькі адно і расце яно ўверх нагамі.

 

Рэдка хто задумваецца, чым адрозніваюцца «вунь тыя пяльмені» ад «вунь тых, што побач». Проста бяруць разрэкламаваны пачак, падсвядома адчуваючы сябе сучасным чалавекам, які павінен набываць тое, што новае, бо яно лепшае.

 

Аднак ці так гэта? Рэкламадаўцы часцяком ідуць на хітрыкі і штучна ствараюць прывабнасць тавару, убачыўшы які так і хочацца яго купіць.

 

Самы распаўсюджаны спосаб падману пакупніка гэта – пераўтварэнне звычайнага працэсу вырабу тавару ў працэс «унікальны і вельмі складаны».

 

Слова “інавацыйнае” стала нібы модай ў рэкламшчыкаў. Практычна кожны рэкламуемы тавар, калі створаны не па “інавацыйных тэхналогіях”, то тады – па “унікальных”, або, як мінімум, “па сучасных”. Пры гэтым, рэдка згадваецца, што ж такога «інавацыйнага» або «унікальнага» было задзейнічана ў вытворчасці таго ці іншага прадукту.

 

Для прыкладу – натыкнуўся я на рэкламу крэму, у якой змясціліся ледзь не ўсе хітрыкі рэкламшчыкаў:

>

”Удасканаленая інавацыйная формула LEOREX забяспечвае унікальнае фізічнае ўздзеянне на верхнія пласты скуры. Самаарганізуючаяся сеткавая структура з наначасціц крэмнязёма і гідрафільная матрыца гліказамінгліканаў актыўна распроствае зону маршчын і пралангуе працэсы амаладжэння».

 

Тут вам і “інавацыі” і “англіцызмы” і ўпадабаныя апошнім часам “наначасціцы”.

 

Аб “наначасціцах”, дарэчы, можна паразважаць асобна. Словы “нанатэхналогіі”, “наначасціцы”, “нана” ужо моцна ўвайшлі ў слоўнікавы запас рэкламшчыкаў.

 

Нанакапсулы для зніжэння вагі, крэм для абутку з нанапакрыццём, нанакасметыка, нават бытавая тэхніка, як пральная машына Samsung Silver Nano.

 

Ці гэты прадукт мае дачыненне да зачыненых лабараторый, або праходзіў выпрабаванні ў якім-небудзь Навукова-даследчым інстытуце?

 

Але прыцягнуць да адказнасці ўладальнікаў брэндаў за выкарыстанне падману ў рэкламе практычна немагчыма, бо дакладнага ўяўлення аб нанатэхналогіях часам не маюць нават навукоўцы.

 

Забаўная гісторыя не абыйшла брэнд Nivea – серыю касметыкі Silver Protect “з малекуламі срэбра”.

 

Маркетолагі добра разбіраюцца ў тым, як “ссекчы грошай”, але, відаць, дрэнна вывучалі хімію ў школе.

 

Кожны, хто хоць трохі ведае дадзены прадмет, скажа, што ў металаў няма малекул. Яны маюць альбо іёны альбо атамы. Калі да рэкламшчыкаў гэта “дайшло”, яны замянілі нефартунную фразу на “іёны срэбра”!

З кожным днём расце ў свеце колькасць прыхільнікаў вегетарыянства, веганства, і проста людзей, якія імкнуцца спажываць толькі натуральныя арганічныя прадукты. Рэкламшчыкі ніяк не маглі ўпусціць шанец, каб «наварыцца» і прыдумалі надпіс “БЕЗ ГМА”.

 

У Еўрапейскім Звязе, Амерыцы і некаторых іншых краінах усталяваныя жорсткія рэгламенты і законы па выкарыстанні маркера “Без ГМА”.

Аднак у Беларусі, Расіі, Украіне гэтыя стандарты і законы не дзейнічаюць. Таму ў нашых крамах можна сустрэць нават соль, ці ваду з маркерам “Без ГМА”. Выдатна! Толькі хто адкажа на пытанне: адкуль у вады гены?

 

Ужо даволі “барадаты” рэкламны хітрык – гэта сланечнікавы алей “без халестэрыну”.

 

Пра гэта нам паведамляюць ледзь не на кожнай бутэльцы алею.

 

Надпіс “без халестэрыну” павінен заахвочваць грамадзян да яго пакупкі.

 

Разлік рэкламшчыкаў тут на тое, што не ўсе ведаюць, што халестэрын – гэта прыродны тлусты спірт, які прысутнічае толькі ў арганізме жывёлаў.

 

Напісаць на бутэльцы алею “без халестэрыну” – гэта тое ж самае, што напісаць на пакеце малака “без хлеба”, бо хлеба ў малацэ сапраўды няма, а калі б быў, то гэта быў бы зусім іншы прадукт.

 

У рэкламе сланечнікавага алею вельмі часта фігуруе таксама вітамін Е. Гэта таксама хітрык рэкламшчыкаў, бо гэты вітамін з’яўляецца неад’емнай часткай сланечнікавага алею!

 

Як можна прайсці па краме і не заўважыць маляўнічыя слоічкі, якія так і хочуць умацаваць наш імунітэт? Нічога не хавае ад пакупнікоў малочны прадукт «Імунэле», напрыклад. Але гуляе на нашай недасведчанасці.

 

Ну хто з нармальных людзей палезе правяраць, што такое L. Casei Rhamnosus, пра які паведамляе вытворца? А вось я “пакапаўся” і знайшоў.

 

Аказваецца, што L. – скарачэнне ад Lactobacillus – гэта значыць звычайныя лактабактэрыі, а вось Casei і Rhamnosus – адпаведна іх разнавіднасць і падвід разнавіднасці.

 

Апошняя – Rhamnosus – часцей за ўсё выкарыстоўваецца, дарэчы, як кансервант у любых ёгуртах, нават тых, вытворцы якіх ніяк не клапоцяцца аб нашым імунітэце.

 

Прыгажэйшая палова чалавецтва шмат увагі надае касметыцы і яе “карысці”.

 

Сустракаем! Шампуні “Чыстая Лінія”! Нагадаем іх рэкламу: “Звычайныя шампуні на 80% складаюцца з вады. Шампуні ж “Чыстая Лінія” на 80% – адвар травы”.

Ці трэба нагадваць паважанаму чытачу, што ў любым адвары травы вада складае 99%?

 

Вось так бывае з рэкламай. Мы часцяком паддаемся спакусе купіць бліскучую ўпакоўку. Але варта часам падумаць, чым жа запакаваны ў яе тавар адрозніваецца ад больш таннага, які стаіць на паліцы ніжэй.