Гарадзенец стаў уладальнікам Кубку свету па валейболе

 

Апошні матч Кубка свету расіяне гулялі 4 снежня са зборнай Польшчы. Перамога па партыях з лікам 3:2 зрабіла іх уладальнікамі залатых медалёў гэтага прэстыжнага турніру.

 

Адным з лепшых гульцоў у складзе каманды-пераможцы быў Аляксандр Буцько (на здымку ніжэй).

 

У 17-ці гадовым узросце ён быў запрошаны з Гродна ў маскоўскае “Дынама”. З таго часу Саша гуляе за расейскія клубы.

 

align=”left” >У складзе зборнай Расіі ён дэбютаваў у 2009 годзе, выконваў ролю другога звязуючага.

 

Гэтым летам Аляксандр паказаў яркую гульню ў фінале Сусветнай лігі супраць мацнейшай зборнай свету – Бразіліі.

 

У другой партыі ён змяніў асноўнага звязуючага Сяргея Гранкіна і сваёй упэўненай гульнёй дапамог расейскай каманде атрымаць перамогу.

 

Перад Кубкам свету асноўны канкурэнт Аляксандра Сяргей Гранкін траўмаваўся.

 

На плечы Буцько лягла  адказная роля галоўнага звязуючага гульца.

 

Вынікі спаборніцтваў сведчаць, што ён з гэтай роляй добра справіўся.

 

 

Паспяховы выступ зборнай Расіі ў Японіі забяспечыў каманде пуцёўку на Алімпіяду ў Лондан.

 

Дарэчы, зборную Расіі ўзначальвае таксама беларус, выхаванец полацкага валейболу Ўладзімір Алякно.

 

Даведка ТС


Вядомыя выхаванцы гарадзенскага валейболу, якія гулялі за зборныя каманды іншых краін

 

Юрый Сапега.

Нарадзіўся ў 1965 г. у Гродне. У 16-ці гадовым узросце быў запрошаны ў маскоўскі ЦСКА. У складзе зборнай СССР выйграў Алімпіяду 1988 г., быў чэмпіёнам Еўропы 1991 г. Гуляў таксама за італьянскую “Падую”.

Лічыўся адным з наймацнейшых нападнікаў свету.

Па сканчэнні кар’еры ўваходзіў у трэнерскі штаб зб. Расіі, якая пры ім выйграла Кубак свету 1999 г.

 

Працаваў генеральным менеджэрам Усерасійскай федэрацыі валейбола. Раптоўна памёр у 2005 г. ад сардэчнага прыступу.

 

 

Аляксандр Сапега.

Нарадзіўся ў 1958 г. у Гродне. Старэйшы брат Юрыя Сапегі.

Пераможца розыгрышу Кубка свету 1981, двухразовы чэмпіён Еўропы, васьміразовы чэмпіён СССР у складзе маскоўскага ЦСКА (перабраўся ў гэты клуб у 19-ці гадовым узросце).

 

Загінуў у 1990 годзе пад Смаленскам ад рук бандытаў. Імя Аляксандра Сапегі носіць спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву ў Гродне.

 

Алег Ахрэм.

Нарадзіўся ў 1983 г. у Гродне. На працягу 2001-2005 гг. гуляў за гарадзенскі “Камунальнік”.

 

Пасля кароткага побыту ў складзе магілёўскага “Тэхнапрыбора” (2005-2007) перабраўся ў грэчаскі “Іракліс”, разам з якім перамог у чэмпіянаце Грэцыі і стаў срэбным прызёрам валейбольнай Лігі Чэмпіёнаў.

 

З 2002 г. Алег стабільна гуляў у складзе зборнай Беларусі, з’яўляўся яе капітанам.

З 2009-м года гарадзенец гуляе за адзін з найлепшых польскіх клубаў Asseco Resoviа з Жэшува, разам з якім выйграў Кубак Польшчы 2010 г. Атрымаў польскае грамадзянства і спадзяецца выступіць у 2012 г. у складзе зборнай Польшчы на Алімпіядзе ў Лондане.

 

Святаслаў Міклашэвіч.

Таксама выхаванец гарадзенскага валейболу.

Дзякуючы свайму таленту і росту (212 см.) з 18-ці год выступаў за прафесійныя каманды (у Беларусі, Расіі, Казахстана, Румыніі).

Гуляў за зб. Беларусі, але пазней прыняў казахскае грамадзянства.

Быў капітанам зборнай Казахстана на чэмпіянаце свету 2006 г.

 

Ігар Калодзінскі.

Зорка пляжнага валейболу. Нарадзіўся ў 1983 г. Выхаванец гарадзенскага валейболу. У складзе расійскага “Лакаматыва-Белагор’я” выйграваў чэмпіянат Расіі 2003, 2004 і 2005 гг., перамагаў у валейбольнай Лізе чэмпіёнаў 2003 і 2004 гг.

Пасля пераходу ў пляжны валейбол быў прызёрам чэмпіянату свету 2007, чэмпіёнам Расіі 2006, 2008 і 2009 гг.

Браў удзел у Алімпіядзе 2008 г. у Пекіне.

Лічыцца ўладальнікам сусветнага рэкорда па хуткасці палёта мяча пры падачы (114 км/гадз.).