Якую ялінку лепш выбраць на Новы год?

Як паведамілі ў гарадзенскім лясгасе, ёлачныя кірмашы – а ўсяго іх будзе арганізавана дваццаць – распачнуць працу з 17 снежня.

 

Прыкладны кошт ёлкі вышынёй да метра складзе ад 26 тысяч беларускіх рублёў, 1-2 метры – ад 35 тысяч, 2-3 метры і больш – за 45 тысяч.

 

Лясная гаспадарка плануе прадаць каля 7-8 тысяч ёлак і соснаў толькі ў Гродне, а ўсяго па Гродзенскай вобласці – каля 30 тысяч.

 

Штогод лясгасы краіны нарыхтоўваюць каля 220 тысяч навагодніх дрэваў. Дрэвы, якія мы купляем на святы вырошчваюцца на спецыяльных плантацыях.

 

У Беларусі, па стану на пачатак года, пад лясныя ўгоддзі для гэтых мэтаў было вылучана 4,8 тыс. гектараў (плошча ўсіх лясных земляў у Беларусі складае 8624,9 тыс. га).

 

Хваёвыя дрэвы растуць павольна: за дзесяць год – не вышэй за паўтара метра. Такім чынам, на вырошчванне навагодняй ёлкі патрабуецца да 20 год.

 

Каб быць упэўненым, што дрэва было было спілавана ў адпаведным месцы і не паходзіць ад браканьераў, яго трэба набываць на санкцыянаваных ёлачных кірмашах. За браканьерства прадугледжаны штраф.

 

Ужо шмат год альтэрнатывай жывым дрэвам з’яўляюцца ёлкі штучныя. Па інфармацыі ГД “Нёман”, іх кошт складае зараз ад 96 тысяч рублёў да мільёна. Плюсам штучных ёлак з’яўляецца тое, што яны могуць выкарыстоўвацца некалькі год і тым самым – зберагаюць грошы ўладальнікаў.

 

Шырока распаўсюджанае меркаванне, што пры набыцці штучнай ёлкі наносіцца меншая шкода навакольнаму асяроддзю. Аднак, па сцверджанні эколагаў, такі пункт гледжання з’яўляецца памылковым.

 

Штучныя ёлкі вырабляюцца з неўзнаўляльных рэсурсаў на аснове прадуктаў нафтаперапрацоўкі – полівінілхларыду, пластыку. Увесь цыкл вытворчасці гэтых рэчываў суправаджаецца забруджваннем навакольнага асяроддзя.

 

Дырэктар нью-ёрскага аддзялення прыродаахоўнай арганізацыі “Нэйчур” Біл Улфелдар пісаў, напрыклад, што масавая вытворчасць штучных ёлак патрабуе вялікай колькасці нафтапрадуктаў і прыводзіць да выкідаў у атмасферу значных аб’ёмаў парніковых газаў.

 

Па статыстыцы, пасля 6-9 год карыстання, штучныя ёлкі трапляюць на сметнік, дзе будуць забруджваць навакольнае асяроддзе яшчэ не адну сотню гадоў.

 

Найбольш экалагічным варыянтам святочнага ўпрыгожвання падаецца выкарыстанне з натуральных дрэўцаў у кадках.

 

Па інфармацыі Гродзенскага “Зелянбуду”, іх можна будзе набыць у фірмовых кветкавых крамах і непасрэдна на прадпрыемстве.

 

У мінулы год кошт за натуральную блакітную ёлачку ў кадцы трэба было заплаціць ад 50 да 400 тысяч рублёў.

 

Невялічкае дрэўца (да 6 год) можна пакінуць у кадцы да наступнага года, а потым, калі прыйдзе час, перасадзіць у глебу.

 

Нават пры высадцы ў ледзяную глебу гэтыя дрэвы добра прыжываюцца.

 

Калі ж ёлку высадзіць на ўласную дзялянку і даглядаць, то лясная прыгажуня будзе расці разам з вашымі дзецьмі і прыносіць вам радасць не адзін год.

 

Удзельнікі гарадзенскай “Экастудыі”, якая дзейнічае пры грамадскім аб’яднанні “Цэнтр “Трэці сектар”, плануюць правядзенне працы па інфармаванні насельніцтва аб магчымых варыянтах набыцця лясных прыгажунь.

 

Эколагі патлумачаць “плюсы” і “мінусы” кожнага з варыянтаў, а таксама – падрыхтуюць да распаўсюду інфармацыйныя ўлёткі па гэтай тэматыцы (узор на малюнку ніжэй).

>