Музыка часоў Стэфана Баторыя гучала ў Гродне

|

На канцэрт прыйшлі гарадзенцы розных сацыяльных групаў і прафесій.

Тут былі і рабочыя, і студэнты, і ўніверсітэцкія выкладчыкі.

 

Як падкрэсліў у сваім звароце да прысутных генеральны консул Рэспублікі Польшча o Гродне Анджэй Хадкевіч, кароль Стэфан Баторый – выбітная постаць не толькі ў гісторыі Еўропы і Польшчы, але таксама (а можа і перадусім) для Гродна, які ён палюбіў і дэ факта зрабіў другой сталіцай Рэчы Паспалітай, размясціўшы тут сваю рэзідэнцыю.

 

Закаханы ў Гродна кароль тут і памёр 12 снежня 1586 году.

– Для нас Стэфан Баторый не толькі кароль, але таксама – легенда, міф – сказаў “Твайму Стылю” Анджэй Хадкевіч.

Польскі дыпламат нагадаў, што ў часы праўлення Баторыя Рэч Паспалітая апынулася на піку свайго геапалітычнага, мілітарнага і дзяржаўнага развіцця.

– Тое, што кароль памёр у Гродна – галоўная прычына, чаму мы павінны гадавіну ягонай смерці ўспамінаць менавіта тут – падкрэсліў спадар Хадкевіч, выказваючы спадзяванне, што сучасныя гарадзенцы таксама захоўваюць памяць аб Стэфане Баторыі, як аб вялікім каралі.

 

Ансамбль «Акадэмія Традыцыі», які наблізіў гасцям імпрэзы атмасферу часоў выбітнага караля, спецыялізуецца на выкананні рэнесанснай музыкі народаў, якія яднала Рэч Паспалітая.

У дадатак да псалмоў ў перакладзе польскага паэта часоў Рэнесансу Яна Каханоўскага, пакладзеных на музыку кампазітара той эпохі Мікалая Гамолкі музыкі з “Акадэміі Традыцый” граюць паліфанічную, літургічную і свецкую музыку Цэнтральнай Еўропы з шаснаццатага і семнаццатага стагоддзяў.

У іх рэпертуары ёсць таксама французскія, нямецкія, італьянскія сярэднявечныя спевы і музыка.

 

Кіруе калектывам Антоні Пільх – лютніст, выпускнік Каралеўскага каледжа музыкі. А сам музычны праект аб’ядноўвае творцаў з Беларусі (Мінск, Баранавічы), Эстоніі (Талін), Літвы (Вільня), Украіны (Кіеў) і Расіі (Пскоў, Санкт-Пецярбург).

 

Сумесныя даследаванні, любоў да спадчыны, вось што зблізіла гэтых людзей.

 

Падчас гарадзенскага канцэрту некаторыя творы выконваліся на такіх старадаўніх музычных інструментах як лютня і віёла да гамба.

Лютня – сярэднявечны шчыпковы струнны музычны інструмент з авальным корпусам і ладамі на грыфе.

Віёла да гамба – смычковы музычны інструмент, блізкі па памеры і дыяпазону гучання да сучаснай віяланчэлі.

 

“Твайму стылю” удалося пагутарыць з удзельнікамі ансамбля.

Адзін з іх, Матэўш Кавальскі (спявае і грае на віёла да гамбе) распавёў, што няма навуковых пацверджанняў, што менавіта выкананыя падчас канцэрту творы гучалі на двары Стэфана Баторыя, хоць напісаныя яны ў тыя часы.

– Таму не выключана, што частка з іх гучала таксама ў мурах каралеўскага замку і цешыла слых манарха – дапускае музыка.

 

Ці цяжка выконваць сярэднявечную і рэнесансную музыку? – запыталіся мы Матэўша.

– Даволі проста – пачулі адказ.

А што вы адчувалі падчас канцэрту з нагоды 425-годдзя з дня смерці Стэфана Баторыя?

– Перш за ўсё сатысфакцыю ад удзелу ў мерапрыемстве, якое нагадвае аб важнай гістарычнай даце. Стэфан Баторый адзін з найбольш вядомых і знакавых асобаў у гісторыі, таму ушанаванне памяці гэтага вялікага чалавека – вялікі гонар і абавязак.


Са свайго боку прызнаем, што, дзякуючы арганізатарам канцэрта, гродзенцам пашанцавала пазнаёміцца ​​з творчасцю ўнікальнага міжнароднага ансамбля “Акадэмія традыцыі”.

Такія падзеі сапраўды абуджаюць любоў да роднай культуры, традыцый і мовы.

 


Giovanni Gastoldi. Krakow. 1614. by twojstyl

 

Фота Уладзіславы Кулакоўскай