Колькасць затрыманняў беларусаў на польска-беларускай мяжы павялічылася ўдвая

|

Паводле інфармацыі, якая паступае ў генконсульства Беларусі з кампетэнтных органаў Польшчы, у 2011 годзе ў параўнанні з папярэднім годам ў два разы павялічылася колькасць затрыманняў беларускіх грамадзян за парушэнне правіл перасячэння мяжы, а таксама мытнага заканадаўства суседняй дзяржавы. Акрамя таго, павялічылася колькасць канфіскаваных у беларускіх грамадзян аўтатранспартных сродкаў.

Колькасць беларускіх парушальнікаў мытнага заканадаўства Польшчы расце, нягледзячы на ўзмацненне польскімі мытнымі службамі яшчэ ў канцы 2008 года правіл увозу падакцызнага тавару. “Пачасціліся і выпадкі канфіскацыі аўтамабіляў у грамадзян Беларусі за нелегальны правоз падакцызнага тавару, – адзначыў генконсул. – Толькі на падляскім участку беларуска-польскай мяжы за 2011 год канфіскавана 68 аўтамабіляў. Для параўнання: у 2010 годзе было канфіскавана 38 аўто”.

Акрамя таго, рэзка павялічылася колькасць беларусаў, якія перасякаюць беларуска-польскую мяжу на падставе віз, атрыманых незаконным шляхам. За гэта беларусаў затрымліваюць польскія пагранічнікі ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Польшчы (арт. 264§2 “Незаконнае перасячэнне мяжы”, арт. 273 “Увядзенне ў зман службовай асобы, упаўнаважанай да выдачы дакументаў”). У мінулым годзе зафіксавана 150 такіх выпадкаў. Пры звароце ў дыппрадстаўніцтвы Польшчы ў Беларусі беларускія турысты прадастаўлялі запрашэнні ад грамадзян Польшчы, набытыя ў неўстаноўленых асоб, у асноўным у прыгранічных рэгіёнах Беларусі. Кошт такіх запрашэнняў складае $200-300 і вышэй.

Беларускія дыпламаты нагадваюць суайчыннікам, якія выязджаюць за мяжу, аб неабходнасці ўважліва вывучаць і выконваць заканадаўства краіны прызначэння. У Польшчы за парушэнне мытнага заканадаўства і правіл перасячэння мяжы прадугледжаны не толькі штрафы і канфіскацыя аўтамабіляў, але і ўнясенне ў базу даных асоб, уезд якім забаронены на тэрыторыю краін Шэнгенскага пагаднення, а таксама крымінальная адказнасць.