Парламенцкія выбары: “Ніякага ўдзелу быць ня можа!”?

Яшчэ напярэдадні Новага году палітсавет Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі (АГП) і з’езд БХД прынялі рашэнні аб актыўным байкатаванні надыходзячых парламенцкіх выбараў.

 

14 студзеня аналагічнае рашэнне было прынята каардынацыйнай радай па правядзенні Народных сходаў, аб чым заявіў Віктар Івашкевіч.

 

Ці збіраюцца гарадзенскія апазіцыянеры байкатаваць парламенцкія выбары і ці можна пазбегнуць памылак мінулых кампаніяў ужо на этапе падрыхтоўкі да іх?

 

З гэтымі дзвума пытаннямі мы звярнуліся да мясцовых кіраўнікоў кампаніі “Гавары Праўду!”, партыяў БСДГ і БНФ.

 

align=”left” sub=”Фота Алеся Кіркевіча” >Зміцер Бандарчук (на здымку), гарадзенскі каардынатар кампаніі “Гавары Праўду!”:

 

– Пакуль яшчэ рана нешта казаць. Няма такога варыянту, каб з кампаніі выйсці больш моцнымі усім. А калі працягнецца раздзел апазіцыі- гэты будзе апошняй кропляй павагі да старых лідараў…

 

Думаю, на пачатку лютага у нас будзе ужо больш канкрэтная пазіцыя.

 

Што да пазбягання памылак, то гэта цяжкае пытанне. Калі б хто дакладна ведаў- даўно б стаў вялікім палітыкам у Беларусі (смяецца).

 

Напэўна, галоўнае – гэта дагрукацца да людзей, каб людзі пачулі, што ёсць альтэрнатыва, што менавіта ад іх залежыць, у якой краіне яны будуць жыць, што яны здольныя рабіць выбар і жыць згодна яму, што праблема немагчымасці самастойна выбіраць сабе будучыню ляжыць не у Брусэлі ці Маскве, а толькі ў Беларусі і ў беларусах.

 

А апазіцыі трэба пачынаць з сябе: спачатку прызнаць, што яна нічога не вартая, калі не адб’яднаецца вакол людзей.

 

Віктар Сазонаў, кіраўнік абласной арганізацыі БСДГ (кіраўнік Станіслаў Шушкевіч):

 

– Ніякага ўдзелу быць ня можа! Спецыфіка ж правядзення кампаніі байкатавання ўжо будзе залежыць ад умоваў, чалавечага рэсурсу і інш.

 

– Галоўнае – захаваць прынцыповасць, і ў першую чаргу датычна пытання з палітвязнямі: пакуль яны знаходзяцца за кратамі немагчыма нават абмяркоўваць іншыя варыянты.

 

Галоўныя ж ідэі для яднання сілаў падчас кампаніі, на мой погляд, гэта адстойванне незалежнасці, беларускасці і дэмакратыі.

 

Вадзім Саранчукоў (на здымку), кіраўнік гарадзенскай філіі БНФ:

 

– Партыя рашэнне пра фармат удзелу ў выбарах будзе прымаць на сойме ў наступную суботу. Пазіцыя гарадзенскай рады выкладзеная ў нашай “Канцэпцыі працы пад час электаральнай кампаніі ў ПП НС 2012 г.”. Спадзяюся, што сойм прыме яе, альбо нешта блізкае да яе.

 

Згодна дакуманту, мэта кампаніі – “праз шантаж сваім удзелам/няўдзелам дамагчыся зменаў у прынцыпе фармавання камісіяў і вызвалення палітвязняў, у адваротным выпадку – байкот выбараў і наступныя патрабаванні па прызнанні іх неадбыўшыміся.”

 

Такім чынам, большасць гарадзенскіх апазіцыянераў на гэтым этапе з’яўляюцца прыхільнікамі ідэі байкоту парламенцкіх выбараў. Зыходзячы з рашэнняў, якія яшчэ раней былі прынятыя ў Мінску адказнымі органамі АГП, БХД і каардынацыйнай радай па правядзенні Народных сходаў, такая тэндэнцыя, хутчэй за ўсё, стане дамінуючай і ў іншых рэгіёнах краіны.

 

Цікава, аднак, як вызначаць сваю пазіцыю камуністы са “Справядлівага Свету” і ці адважыцца на байкот каманда Някляева?

 

Больш дасведчанай за каго-кольвек аказалася старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якая ў інтэрв’ю “Еўрарадыё” заявіла:

 

– “Калі апазіцыя не пойдзе на выбары, заходнія спонсары пазбавяць яе фінансавання, і ні адна партыя, ні адзін рух ня змогуць існаваць далей, таму што ў гэтым выпадку ня будуць атрыманыя сродкі з-за мяжы на падтрымку дэмакратыі”.

 

Ці сумняецца яшчэ хто-небудзь у тым, што ў выпадку ўсеагульнага апазіцыйнага байкоту, спадарыня Ярмошына з той жа ўпэўненасцю будзе казаць ужо пра “грошы з захаду”, атрыманыя на правядзенне байкоту?

 

Паўнамоцтвы дзеючага парламента сканчаюцца 25 кастрычніка. Гэта азначае, што выбары новага складу парламенту павінны адбыцца не пазней за 25 верасня 2012 г. пачацца выбарчая кампанія можа ўжо ў чэрвені.

 

Фота ўверсе: “Народныя навіны Віцебска”