На Бераставіччыне стартаваў новы канцэртны праект

Для жыхароў вёскі канцэрт заўсёды з’яўляецца значнай падзеяй, ён выклікае непадробную цікавасць, дае магчымасць далучыцца да мастацтва. Канцэрты, звычайна, гэта не толькі добра прадуманая і распрацаваная праграма, але і своеасаблівае невялічкае свята. На вёсцы такія канцэрты-святы праводзяцца ў асноўным з удзелам мясцовых самадзейных артыстаў і калектываў мастацкай творчасці. І хоць сваіх вясковых талентаў мясцовыя жыхары любяць і паважаюць, прыезджым артыстам рады не менш. Усё-такі гэта новы рэпертуар, новыя імёны, новы ўзровень выканальніцкага майстэрства.

Менавіта з мэтай павышэння інтэнсіўнасці канцэртнага абслугоўвання сельскіх жыхароў, іх знаёмства з лепшымі выканаўцамі раёна будуць сёлета дзейнічаць выязныя канцэртныя “пляцоўкі” ў рамках новага праекта. Дарэчы, старт яму ўжо дадзены. Пасля навагодніх і калядных свят для жыхароў Пархімаўскага сельсавета была праведзена першая канцэртная праграма пад назвай “Калядныя сустрэчы”, удзельнікі якой – лепшыя выканаўцы па выніках мінулагодніх справаздачных канцэртаў калектываў аматарскай творчасці клубных устаноў раёна. Гэта прадстаўнікі мастацкай самадзейнасці і работнікі Алекшыцкага, Эйсмантаўскага, Малабераставіцкага, Пагранічнага ЦДК, Макараўскага ДНК, Старадварэцкага ДкіНТ, Пархімаўскага ДкіВЧ, РДК.