Аповед пра птушак праз філатэлію

«Я ніколі ў жыцці не быў арнітолагам, – кажа Фрыдэрык Гушча. – Пачэснае званне ганаровага сябра мне прысудзілі на з’ездзе таварыства, а заслужыў яго, як я зразумеў, за «птушыную прапаганду» праз філатэлію, за маю вялізарную калекцыю картмаксімумаў, якая займала медалі рознага рангу на міжнародных выставах як у Беларусі, так і за мяжою. Мой унук таксама выстаўляе калекцыі з рознымі пералётнымі птушкамі і птушкамі, што гняздзяцца ў Беларусі. Беларусь выпускае паштовыя маркі ўжо 20 год і знаходзіцца на 50-м месцы ў свеце па выпуску паштовых марак з птушкамі».

 

Пачэснае званне ганаровага сябра таварыства Аховы птушак «Бацькаўшчына» прысвойваюць на кожным з’ездзе таварыства. Аднак ініцыятар выпуску серыі паштовых марак «Птушка года Беларусі» Фрыдэрык Гушча стаў першым не арнітолагам за апошнія 5 год.

 

Ф. Гушча – кіраўнік гродзенскага таварыства філатэлістаў, у якое ўваходзяць каля 200 збіральнікаў паштовых марак на розныя тэмы. Гродзенскія філатэлісты маюць даволі моцны ўплыў у Беларусі, і менавіта меркаванням некаторых з іх «Белпошта» выпускае тую, ці іншую паштовую марку.