Для здароўя душы і цела

Новая форма актыўнага адпачынку распрацавана пры падтрымцы фонду сацыяльнай дапамогі «Распраў крылы» г. Люблін гродзенкай Кацярынай Буча, дыпламаваным і сертыфікаваным псіхолагам, інструктарам па аздараўленчай фізічнай культуры. Пра аўтарскую аздараўленчую праграму Кацярына распавяла «Твайму стылю».

 

– Што ўяўляе сабой новая фітнэс-праграма?

– Яна заснавана на чаргаванні элементаў розных танцавальных напрамкаў (ад лаціны, хіп-хопа, ірландскіх матываў да элементаў адзінаборстваў). Уключае ў сябе спецыяльны комплекс практыкаванняў для карэкцыі паставы і прафілактыкі захворванняў, звязаных з яе парушэннем (выконваецца індывідуальны падбор практыкаванняў). У заняткі уключаны таксама комплекс практыкаванняў аўтагеннай трэніроўкі, які спрыяе выпрацоўцы валявых якасцяў, уменню кантраляваць свае эмоцыі, зняццю напругі, самарэгуляцыі.

>

– На каго разлічаная праграма?

– Заняткі праводзяцца ў дзвюх групах. Першая – дзеці ад 10 гадоў. Зараз яна складаецца з дзетак, якія прафесійна займаюцца вялікім тэнісам. Для іх у праграму дадаткова ўключаны практыкаванні для развіцця спрыту і каардынацыі, а таксама элементы ментальнай трэніроўкі. Другая група – жанчыны сярэдняга ўзросту, розных прафесій, з перавагай сядзячага ладу жыцця. Як правіла, групы набіраюцца невялікія – па 5 чалавек. Не выключаны таксама індывідуальныя заняткі. Займацца па маёй праграме можа кожны жадаючы, нават без асаблівай падрыхтоўкі.

 

– Якая ж карысьць ад гэтых заняткаў?

– Яны з’яўляюцца прафілактыкай праблем, звязаных з хрыбетнікам. Дзякуючы практыкаванням, паляпшаецца выправа, развіваецца каардынацыя, умацоўваюцца мышцы. Заняткі дазваляюць навучыцца валодаць сваім целам, эмоцыямі, набыць упэўненасць у сабе. Нездарма ж кажуць «У здаровым целее – здаровы дух». Добрая пастава ужо сама па сабе дадае ўпэўненасці.

Кацярына з’яўляецца старшынёй Гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання практычных псіхолагаў, сябрам праўлення секцыі спартыўнай псіхалогіі пры Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры і адначасова працуе мэнэджэрам па рэкламе і менеджэрам па продажах у буйной краме Гродна. У сувязі з гэтым мы запыталіся яе пра тое, як яна сумяшчае свае захапленне фітнэсам са штодзённай працай.

 

– Я б сказала, што мае заняткі па-за асноўнай працай нават дапамагаюць. Уменне працаваць з дзеткамі і іх бацькамі (у мінулым я працавала трэнерам у адной з дзіцячых спартыўных школ) дапамагае мне, як менеджэру, знайсці асаблівы падыход да кліента, адчуць яго сапраўдную патрэбу і дапамагчы падабраць менавіта тое, што ён шукае. У сваю чаргу, праца ў сферы бізнесу дапамагае навучыцца пісьменна працаваць з кліентам у фітнэсе. На самой справе, – ўсё ўзаемазвязана. Галоўнае навучыцца творча падыходзіць да пастаўленай задачы.

 

– Ведаю, у цябе яшчэ ёсць шмат захапленняў?

– Некалі я займалася стральбой з лука, ўмею страляць з арбалета, пнеўматычнай зброі. Таксама люблю катацца на каньках, лыжах, роліках. Цікаўлюся адзінаборствамі. Наведваю басейн. У вольны ад працы час праводжу індывідуальныя заняткі па карэкцыі паставы, дапамагаю спартсменам у падрыхтоўцы да спаборніцтваў. Шмат гадоў займалася старажытнай кітайскай сістэмай самаўдасканалення душы і цела, якая завецца «цігун і дапамагае падтрымліваць псіхічнае, духоўнае і цялеснае здароўе.

 

– Ёсць якія-небудзь планы, ідэі на будучыню?

– Сумесна з партнёрамі з Польшчы рыхтуюся зараз да праекта «Дэнс-шоў». Гэта рэалізацыя майго аўтарскага праекту «Танец – мова тваёй душы», толькі ў больш шырокім маштабе. Вынікам гэтай працы будзе выступ дзяцей на Люблінскай сцэне. Для рэалізацыі праекту я планую далучыць прафесійных харэографаў, а ўдзел у ім прымуць дзеці з Беларусі і Польшчы ва ўзросце 15-18 гадоў. Выступленні будуць адбывацца з ліпеня па снежань бягучага году. Мы ўжо падалі заяўку на рэалізацыю нашай задумкі, засталося ўсяго нічога – выйграць грант.