Выйшла кніга ліставанняў Ларысы Геніюш

|

Выданне “Ларыса Геніюш. Лісты з Зэльвы” ўклаў Міхась Скобла.

 

“Проста дзіву даешся, як далёка і шырока бачыла Ларыса Геніюш са сваёй зэльвенскай хаты. Інфармаванасці Паэткі можа пазайздросціць і чалавек сённяшняй інтэрнэтнай эпохі. А тады ёй пісалі ўсе, хто хацеў ведаць праўду, каму бракавала афіцыйна дазволенай беларушчыны, хто шукаў духоўнага апірышча і знаходзіў яго ў Геніюшаўскім слове, ” – падаюць у анонсе да новага выдання арганізатары серыі “Гарадзенская бібліятэка”. “Паэт і старшыня Вярхоўнага Савету БССР Максім Танк мог знянацку заехаць у Зэльву і, збіўшы з панталыку раённае начальства, спыніць сваю службовую “Волгу” каля хаты Геніюшаў, каб запрасіць апальную паэтку ў лік аўтараў часопіса “Полымя”, а пры патрэбе і дапамагчы Ларысе Антонаўне вырваць моркву ў агародзе. Беспасадны і афіцыйна беспрацоўны Уладзімір Караткевіч мог затрымацца ў Зэльве на цэлы месяц і адрэдагаваць на грамадскіх пачатках рукапіс зборніка “Невадам зь Нёмана”. Настаўнік Алесь Белакоз пры спрыянні Ларысы Геніюш папаўняў фонды свайго беднаватага спачатку музея. Жыхарка Дэтройту (ЗША) Людміла Бакуновіч дасылала паэтцы дэфіцытныя за савецкім часам лекі, а жыхарка Зэльвы Зося Каліноўская дапамагала ёй у побыце. Яны ўсе – дзейныя асобы і героі Геніюшаўскага летапісу.”

 

Выданне багата ілюстравана здымкамі – 24 старонкі фота, некаторыя з якіх друкуюцца ўпершыню.

 

alt=”Image 20196″ sub=”Янка і Ларыса Геніюш у Зэльве. 50-я гады” >

У лісце 1969 года да зэльвенскай настаўніцы Надзеі Караткевіч, двух сыноў якой хрысціла Ларыса Геніюш, паэтка адказала, чаму ніколі не будзе грамадзянкай Савецкага Саюза (урывак з ліста, змешчанага ў кнізе “Ларыса Геніюш. Лісты з Зэльвы”):

 

… “з грамадзянствам – справа вельмі складаная, і паясьніць Вам яе мне трудна. Я і сама толкам ня знаю, чаму мы ня можам яго ўзяць, але ня можам і таму не бярэм. Можа, гэта таму, што на нашу долю выпаў такі нялюдзкі лёс, што не пад сілу было кіркаваць мерзлату, што за ўвесь час пакут не сустрэла я чалавека, які сваімі людзкімі адносінамі да нас, зьняволеных, рэабілітаваў бы хоць у нейкай долі ўсё тое, што з намі рабілі? Можа, таму, што і сяньня мы выкінутыя за межы ўсякіх правоў, і кожны з начальства над беларусамі мае права зьдзеквацца над намі, як сам хоча? …Можа, таму, што пакінула малым сына, і сяньня ён без здароўя, а я не магу ў каленях сагнуць сваіх сто разоў на Поўначы прамарожаных ног? Можа, таму, што я ніколі не была грамадзянкай СССР, і судзіць мяне ня мелі права? А можа, таму, што на мае просьбы аб рэабілітацыі мне ўпарта адказваюць, што судзілі мяне правільна? Часта сам чалавек сябе ня ведае, але адчувае ўсю несправядлівасьць адносна ўсяго чалавечага ў нас і замаўкае, пратэстуе, бароніцца. Я знаю, што вольныя з намі рабіць, што захочуць, будзем мы мець тое грамадзянства ці не. Толькі адно: калі мяне ўжо даканаюць без грамадзянства, дык будзе гэта яшчэ болей бяспраўна, чымсьці гэта было б у праціўным выпадку. Адзіны плюс…

 

Папярэдне прэзентацыя кнігі ў Гродне адбудзецца 24 сакавіка падчас Агульнанацыянальнай дыктоўкі. На прэзентацыі можна будзе таксама набыць выданне.

 

Інфармацыя і здымкі з фэйсбук старонкі серыі “Гарадзенская бібліятэка”