Хто і чаму высякае лесапалосы ў Наваградскім раёне?

Найперш мы звярнуліся ў дарожныя службы. Як высветлілася, дырэктар ДРБУ-189 Аляксандр Дзяшук вырубку лесапалос сам не ўхваляе. Адно выказвае здагадкі, нашто тое трэба.

«Лічу, што гэта дурная справа. А робіцца, напэўна, для таго, каб была «красата»… Гэта як быццам бы навядзенне парадку на зямлі».

Лесапалосы заўсёды служылі прыродным фільтрам. Адсутнасць такой «сценкі», па словах Дзяшука, адчувалася ўжо сёлета. «Даводзіцца больш выпускаць тэхнікі для ачысткі дарог пры абмежаваных сёння фінансавых магчымасцях», — кажа Дзяшук.

 

Хто будзе есці такі хлеб?

Іншая версія —  лесапалосы высякаюць, каб пашырыць палі. «Толькі я не ведаю, хто будзе есці гэты хлеб», — кажа Дзяшук.

Ён сумняваецца, што землі пад былымі лесапалосамі прыдатныя для засявання.

«Які там, к чорту, урадлівы слой? Можа, 5 см якога чарназёму і было. Але не 30–40, каб вырасціць нейкі ўраджай». Пры гэтым на Гарадзеншчыне шмат земляў пустуюць. «Проста дзіву даешся!» — ледзь стрымлівае эмоцыі «дарожнік». «А колькі зараз транспарту! 30–40 гадоў таму машын было значна меней, а нашыя бацькі і дзяды і тады думалі, што не трэба нічога на гэтай паласе садзіць», — кажа ён.

Зімой дарогі багата пасыпаюцца соллю, значная колькасць якой асядае ў зямлі бліз дарогі. 30 гадоў таму, калі Дзяшук прыйшоў у ДРБУ кіраўніком, за зіму атрымлівалі 2 вагоны солі. Цяпер высыпаецца 1,5 тысячы тон солі толькі на мясцовыя дарогі! «А ДЭУ-56 яшчэ больш высыпае на меншую колькасць дарог. У мяне — 747 км, а ў іх недзе 340 км дарог», — кажа Дзяшук.

 

alt=”Image 20493″ >

 

«Я чалавек небальшэнькі»

ДЭУ-56 — яшчэ адна дарожная служба, што праводзіла вырубку. Арганізацыя абслугоўвае трасу Гродна-Мінск, выезды на Карэлічы, Іўе, Баранавічы, Дзятлава, Бярозаўку і Гродна.

Яе дырэктар Якаў Праскоўскі гэтак пракаментаваў сітуацыю: «Размова не па тэлефоне. Прыедзьце, калі што. Не па маёй волі гэта робіцца».

Дык чыя воля высякаць дрэвы? Абодва дырэктары не прызнаюць адказнасці і спасылаюцца на рашэнне райвыканкама. А яно нібыта выпісана на падставе загада кіраўніка вобласці Сямёна Шапіры. Зрэшты, і губернатар — не апошняя інстанцыя. Як лічыць Дзяшук, «ідзе каманда зверху ад прэзідэнта пра навядзенне парадку».

Чаму ніхто з кіраўніцтва ці простых работнікаў не паспрабавалі аспрэчыць рашэнне, якое ім падаецца няслушным?

«Напэўна, я вам скажу, што ўсе баяцца за свае месцы, — мяркуе Дзяшук. — Улада ёсць улада… Я чалавек небальшэнькі», — кажа ўпраўленец з 30-гадовым стажам.

 

Тлумачыць — сабе на шкоду

«Мне тлумачыць вам — сабе на шкоду, — прызнаецца іншы начальнік, Праскоўскі. — Я выканаўца, я абавязаны выконваць каманду. А вырубаць гэтую елку, па вялікім рахунку, нельга. Зімой яна абараняе дарогу ад снегу, захоўвае снег на палях… Гэта елка садзілася яшчэ дзядамі». Ён дадаў, што ёсць рашэнні райвыканкама, што ў пэўных месцах трэба прыбраць лесапалосы, каб павялічыць палі.

Праскоўскі паабяцаў назваць нумар гэтага дакумента.

Аднак на наступны дзень ён гэтага не зрабіў, а параіў звярнуцца ў райвыканкам. Больш за тое, высякалі толькі старыя елкі, што не выконвалі ахоўных функцый, сказаў Праскоўскі. Мы запыталі, чаму ўчора «выконвалі», а сёння ўжо не, як так? На што пачулі: «Ну, так. Прабачце, я вельмі заняты…»

 

ДАІ таксама супраць

Вось што сказаў старшы інспектар ДАІ Навагрудка Сяргей Ліннік: «Пачалі выразаць гэтыя елачкі. А яны служаць для таго, каб затрымліваць снег на палях і каб гэты снег не пералазіў на праезную частку.

Менш будзе снегу на дарозе, менш тады бу-дзе працы дарожным службам, — кажа Ліннік. — Вось гэта я лічу няправільным. Аднак такая каманда дарожным службам была».

Ён пацвердзіў, што наяўнасць лесапаласы спрыяе бяспецы дарожнага руху. Як і два папярэднія суразмоўцы, Ліннік выказаў думку пра павелічэнне плошчаў палёў.

На статыстыку ДТЗ вырубка лесапалосаў не паўплывала, кажа інспектар. Але «гэты працэс яшчэ толькі пачаўся, не ўсё яшчэ высекілі, можа, працэнтаў 10–15%. Калі высякуць усё, тады будзе бачна».

Па словах Лінніка, не ўсе ў райвыканкаме згодныя з татальнай вырубкай лесапалос.

 

Дэкаратыўная «стрыжка»

Мы запыталі ў намесніка старшыні Навагрудскага райвыканкама Юрыя Калановіча, чаму ўздоўж дорог высякаюць лесапалосы.

«Ідзе дэкаратыўная «стрыжка» елак. Тыя ўчасткі, дзе дрэвы ссохлі, там пару ўчасткаў убіраюць. Але каб сказаць, што павальна высякаюць — такога няма…

Навошта, каб ссохлая елка стаяла ўздоўж паласы?» — кажа Калановіч.

Тады мы запыталі чыноўніка, чаму кіраўнікі дарожных службаў і інспектар ДАІ негатыўна выказваюцца пра такія работы.

«Я не магу вам адказаць на гэта пытанне. Я перагавару са старшынёй і дам вам інфармацыю», — кажа Калановіч.

Вось што адказаў чыноўнік праз некалькі дзён: «Там, дзе елкі ў добрым стане, прыгожыя, пышныя, выконваюць ролю агароджы, мы іх не высякаем і не плануем высякаць. Калі верхавіна зялёная, а ніз цалкам рэдкі і сухі — гэта прыбіраем. Мы ўсё-ткі прынялі рашэнне ўсё не прыбіраць. Гэта ДАІ было ў курсе, што мы хацелі цалкам прыбіраць… Спачатку хацелі максімальна навесці парадак. Але там дзе сапраўды пышныя, роўныя, мы іх чапаць не будзем».

Калановіч не пацвярджае, што рашэнне пра «навядзенне парадку» было прынятае на абласным узроўкі.

«Гэта было ў плане па навядзенні парадку на прыдарожных палосах і павелічэнні пасяўных плошчаў. Такое рашэнне было ў нас у раёне для таго, каб навесці парадак уздоўж трасаў рэспубліканскага значэння… Мы самі аб’ехалі, склалі план працы».

У нас стварылася ўражанне, што пратэсты людзей даюць эфект і «дэкаратыўную стрыжку» ў Навагрудскім раёне патроху згортваюць.