Супраць вясновых палаў пратэстуюць эколагі і выратавальнікі

|

Толькі за 2 апошніх тыдні ў Гродзенскай вобласці зафіксавана 339 такіх выпадкаў, і з кожным днём іх колькасць расце.

103 разы рэгістраваліся  падпалы сухой травы на Гарадзеншчыне з 12 па 19 сакавіка.

З  19 да 26 сакавіка абласное упраўленне МНС зафіксавала 236 палаў, з-за якіх здарылася 6 пажараў, пацярпеў 1 чалавек, знішчана 5 гаспадарчых пабудоваў, яшчэ 4 пашкоджана.

 

24 сакавіка гаспадар падворка ў вёсцы Лябёдка Шчучынскага раёну, вырашыў выпаліць сухую траву. У выніку мужчына сам і пацярпеў: ён шпіталізаваны з апёкамі 2-3 ступені рук і галавы.

У гэты ж дзень у вёсцы Лупачы Мастоўскага раёна жыхарка Мінска, якая завітала да сваякоў, прыбіраючы падворак, таксама падпаліла сухую траву. Наступствы ў гэтым выпадку больш сур’ёзныя: згарэлі 3 будынка, 2 дома і некалькі гаспадарчых пабудоваў выратавалі супрацоўнікі МНС.

 

Калі да 2010 года ў спакойнае надвор’е дазвалялася разводзіць вогнішчы на падворках на адлегласці  15 метраў ад жылых пабудоваў і пры наяўнасці сродкаў пажаратушэння, то пасля ўнясення зменаў  у  правілы супрацьпажарнай бяспекі на тэрыторыі жылых дамоў, гаражных кааператываў, інтэрнатаў, на лецішчах забаронена выкарыстанне адкрытага вагню.

Тым больш  забароненае спальванне сухой расліннасці.

 

За развядзенне вогнішчаў у неадпаведных месцах  прадугледжаны штраф  да 12 базавых велічынь, за выпальванне травы – ад 10 да 40 базавых велічынь.
За апошні тыдзень аштрафаваныя 43 вінаватых у падпалах, але падпалаў менш не робіцца.

 

Да барацьбы з выпальваннем травы і спальваннем смецця далучыліся беларускія эколагі. Яны прыводзяць людзям свае аргументы: падчас палаў гіне ўся карысная мікрафлора глебы, знішчаюцца расліны, гінуць жывёлы, птушкі і насякомыя. Калі разам з травой спальваецца смецце, у паветра трапляюць надзвычай таксічныя дыяксіны і фураны. Часта палы робяцца прычынай пажараў у лясах і на тарфяніках.

 

У  2011 годзе з-за выпальвання сухой расліннасці ў Беларусі адбылося  952 пажараў на плошчы 484 га.
Гродзенская і Брэсцкая вобласці па колькасці выпадкаў узгарання травы і кустарнікаў лідзіруюць.

 

Здымак з сайта http://www.senno.by