Акцёр – гэта падтэкст

Той, хто знутры ведае, што ёсць спектакль, хто фармуе яго «душу», яго цэнтральную спружыну, разуме, ад каго (шмат у чым!) залежыць поспех спектакля. Таму і шэкспіраўскага «Гамлета» нават самы найвыдатны рэжысёр не падыме, калі няма ў трупе цэнтральнага выканаўцы. А «прыблізныя» Рамэа і Джульета эмацыйна ня ўзарвуць залу.

 

Аляксандр Шэлкаплясаў – выпускнік ГІТІСа, адной з лепшых тэатральных школ былога Саюза, ён больш за 20 гадоў служыць у Гродзенскім тэатры. Акцёр – з’ява, акцёр – падзея. У кожнай ролевай праяве на сцэне. Акцёр, які здольны ствараць ўнутры і вакол сябе нейкую адмысловую прастору. Гэта прастора заўсёды адчувальна і мае такую палітру фарбаў і адценняў, што дзіву даешся, з якога сховiшча ён гэта дастае.

 

Я ўспамінаю яго працу ў спектаклі «Дацкая гісторыя», дзе ён згуляў … Гадкае Качаня. У прытчавым сюжэце, па ходзе якога воляю рэжысёра глядач удосталь і насмяяўся, і наплакаўся, яго герой, гэты чалавека-лебедзь, узлятае, нарэшце, на сваіх узмацнелых крылах над руцінай, пошласцю, дэспатызмам і выклікае такую зваротную хвалю ў зале, якую не растлумачыш словамі. Сапраўдны катарсіс ніяк не месціцца ў слоўную абалонку.

 

Такім жа выбухам уражанняў быў для мяне і яго Франц ў спектаклі «Кароль, дама, валет» па творы В.Набокова. Ледзь пазней натыкнулася на цытату прафесара Каліфарнійскага універсітэта Роберта Олівера: «Ёсць нешта нястрымна святочнае ў творах Набокава – што праяўляецца нават у самых змрочных яго працах. Розум адмаўляецца быць загнаным у клетку. Яго сіла дазваляе яму пераскокваць з адной «рэальнасці» у іншую і ператвараць свет у калейдаскоп бязмежных магчымасцяў».

 

Такую ж паліфанію характару вобраза стварае А.Шэлкаплясаў, нейкім неспасціжным чынам урываючыся ў стылістыку аўтара. Вельмі няпростага аўтара, між іншым … Яго Франц і чысты, і заганны, і далікатны, і трагічны – у замкнёным крузе адзіноты. Гэтая роля – своеасаблівая сімфонія акцёрскіх фарбаў і гукаў, сабраных, хутчэй, на ўзроўні падсвядомасці.

 

Мне заўсёды цікавы падтэкст. Што, уласна, адрознівае добрага акцёра ад пасрэднага? Глыбіня, разнастайнасць і багацце падтэкстаў. Падтэксты персанажаў Шэлкаплясава мне кожную секунду хочацца разгадваць. Прычым, кожная роля мае свой код, таму і разгадванне – не з простых.

 

У «Рок-канцэрце з Рыгорам Горыным» у ролі Клягіна, дзе ў простым рабоцькі нараджаецца раптам сусветная боль за ўсіх – адзін код. У «Разбойніку» К.Чапека – зусім іншы. Тут зерне ролі ў тым, каб кожны дзень пражываць не ў «палову нагі», а ў поўную сілу. А калі улюбляцца – то наводмаш, да смерці. І ўжо ў новай працы, прэм’ерным спектаклі новага галоўнага рэжысёра А.Гузія «Зводная пара» – трэці, ці сто трэці код.

 

Тут у рэчышчы камедыйнага жанру, амаль гратэску (сюжэт: узаемаадносіны сямейнай пары, дзе Ён настойвае на свабодных адносінах), яго герой неверагодна смешны: часам анекдатычны і варты жалю, раптам – лірычны і зноў … карыкатурны. Але ў гэтых «перакідах» ёсць жыццёвая і сцэнічная праўда, памножаная на акцёрскую імправізацыю і вынаходлівасць.

 

Не думаю, што артыст Шэлкаплясаў дасягнуў сваёй вяршыні. Яна – наперадзе. Ён у выдатнай форме. Па-мойму, па ім «сумуе» чэхаўская драматургія, дзе дзеянне рухаецца не падзеямі, а … паўзамі. Падтэкстамі. Аляксандру Шэлкаплясаву ёсць што сказаць гледачу: і ў тэксце і ў паўзах. Галоўнае, каб глядач здолеў пачуць.

Фота з сайту тэатра