Чарговая нічыя і фанацкі байкот

Што тычыцца становішча на трыбунах, то мала хто змог выбрацца ў гэты футбольны вечар на стадыён: ў панядзелак надвор’е было не з лепшых, а 21-шы фанацкі сектар быў цалкам пусты – фанаты байкатуюць. Няма фанатаў – няма падтрымкі.

 

За 10 хвілін да пачатку матча. Людзі неахвотна цягнуцца на стадыён

21-шы, фанацкі сектар пусты

«Дракоша», які ходзіць па стадыёне, не можа заклікаць народ падтрымаць каманду: акрамя свісту і выкрыкаў нічога ў адказ не чуваць.

 

Матч пачаўся з атак «Нёмана». Актыўны Кавалёнак дадае ад матчу да матчу. На 29-й хвіліне – доўгачаканы гол. Нёман арганізаваў атаку правым флангам: Савасцьянаў навесіў у штрафную і Кавалёнак галавой дакладна прабіў у дзявятку.

 

«Тарпеда» атакуе

Праз 4 хвіліны «Тарпеда» забівае гол у адказ, які не быў залічаны – становішча «па-за гульнёй». Дзіўна, але «Нёман» не асеў у абароне, як гэта ён любіць рабіць пасля гола, а пайшоў далей у атаку. У першым тайме ў складзе «Нёмана» яшчэ мог вызначыцца Дзянісевіч, але пасля вытанчанай абводкі, удар капітана блакавалі абаронцы «Тарпеда».

 

Другі тайм. Саладоўнікаў умацоўвае абарону, замест Рыбака выпусціў Раўнейка. Былі прыкметныя, зноў жа актыўныя дзеянні Кавалёнка. Няўжо ў Дзімы другая «маладосць»? На 73-й хвіліне лепшага гульца «Нёмана» у гэтай сустрэчы мяняюць. Замест Кавалёнка выйшаў Савіцкі (не ставяць у апошні час «Саву» у аснову).

 

Савіцкі размінаецца, рыхтуецца да выхаду. Ён яшчэ не ведае, што можа вырашыць зыход сустрэчы

Госці перайшлі ў атаку. 82-я хвіліна стала фатальнай для «Нёмана». Рэкіш падаў са штрафнога, серыя рыкашэтаў – гол! 1:1. Нешматлікія гледачы пачалі разыходзіцца. Кожны матч карціна аднолькавая: «няма чаго тут глядзець» – чуваць было з трыбун.

 

Барацьба за мяч

Праз 2 хвіліны пасля гола госці намаганнямі Каралюка змаглі выйсці наперад, але Чэрнік быў на вышыні. Адказ гаспадароў рушыў услед імгненна. Вітус знайшоў у штрафной Савіцкага, той выйшаў адзін на адзін з брамнікам гасцей і паспрабаваў яго перакінуць, мяч трапіў у сетку, але зверху брамы ўжо за межамі поля. Літаральна за 5 хвілін да канца сустрэчы «Тарпеда» штурмавалі вароты Чэрніка, але вартаўнік брамы «Нёмана» не даў гасцям яшчэ раз яго прабіць.

 

Кавалёнак адчуваў, што мала аднаго гала, але трэнер вырашыў яго замяніць

Суддзя дадаў 3 хвіліны. За гэты час «Нёман» здолеў забіць гол, вось толькі з афсайду. Матч так і скончыўся з лікам 1:1. Як жа ўсім надакучылі гэтыя нічыйныя лікі і пройгрышы. Калі, калі ўжо будзе ў Гродна свята? Усё больш і больш ходзіць чутак аб адстаўцы Саладоўнікава. Ці вырашыцца на гэта кіраўніцтва клуба, будзе вядома пазней, а пакуль мы займаем 8 месца з 8 ачкамі ў актыве.

 

Форвард «Нёмана» Дзмітрый Кавалёнак падзяліўся меркаваннем аб матчы, а таксама застаўся ўпэўнены ў тым, што заўзятары гродзенскага клуба не будуць байкатаваць матчы каманды:

 

– «Тарпеда» традыцыйна нязручны супернік для нас. Сённяшняя гульня не выключэнне. Нічога экстраардынарнага жодзінцы не паказалі. Проста нам не хапіла яшчэ аднаго гола для перамогі. Наконт пастаяннай «перакартоўкі» гульцоў у нападзе… Кожная сустрэча па-свойму трактуецца, па-рознаму рыхтуецца. Маю на ўвазе, – тактычна, у плане трэнерскага бачання гульні. У нас нападаючыя ў большасці сваёй разнапланавыя. Наўрад ці адзін гулец будзе гуляць пастаянна. Усе добрыя. Залежыць ад суперніка, ад гатоўнасці кожнага персанальна.

 

– Фанатамі было вырашана байкатаваць матч з «Тарпеда»…

 

– Калі яны ёсць, антураж, атмасфера зусім іншыя. У станоўчы бок, вядома ж. Мабыць, ёсць на тое прычыны, раз не прыйшлі. Каб займаць які-небудзь бок, трэба цалкам валодаць пытаннем. Я баюся быць неаб’ектыўным. Фанаты нам адназначна патрэбныя. Думаю, у бліжэйшы час яны з усім разбяруцца, – цытуе гульца карэспандэнт Goals.by.