Разгон у Гродне ў пачатку лета. Рэпартаж з месца затрымання ўдзельнікаў акцыі

|

Людзі проста стаялі на вуліцы пад праліўным дажджом, размаўляючы паміж сабой. На ганку аблвыканкама таксама стаяла каля дзесятка чыноўнікаў, якія мітусліва названьвалі камусьці па сотавых тэлефонах. Па вуліцы расхаджвалі некалькі міліцыянтаў у форме і значна большая колькасць іх калегаў у цывільным.

 

Тут жа, побач з пратэстуючымі, стаяў знаёмы многім гродзенцам па мінулагоднім акцыям пратэсту зялёны аўтобус з завешанымі фіранкамі вокнамі. Такая досыць ідылічная карціна змянілася ў адно імгненне. Рушыўся з месца аўтобус, з яго павыскоквалі коратка стрыжаныя маладзёны ў цывільным, пачалі хапаць людзей і закідваць іх у аўтобус.

 

Першы “хапун”


Людзі паспрабавалі перашкодзіць гэтым гвалтоўным дзеянням, і раптам аўтобус ад’ехаў. Следам за ім рушыла белая іншамарка. Аўтобус са сваімі ахваряма праехаў па Сацыялістычнай і павярнуў на Тэльмана да будынка КДБ.

 

Тым часам да аблвыканкама пад’ехаў аўтобус бардовага колеру, папутна стварыўшы аварыйную сітуацыю на перакрыжаванні Сацыялістычнай і Ажэшкі. Сітуацыя паўтарылася: зноў малойчыкі ў цывільным, зноў цяганіна ў аўтобус, крыкі людзей. Са сваёй здабычай ад’ехаў і гэты аўтобус.

 

Тым часам вярнуўся яго зялёны сабрат. Адначасова месца падзей значна папоўнілася міліцыянтамі у цывільным. Замітусіліся чыноўнікі на ганку аблвыканкама. Было поўнае адчуванне таго, што менавіта гэтыя людзі на ганку кіравалі усёй аперацыяй. Пасля некалькіх рэйсаў двух аўтобусаў перад аблвыканкамам засталося зусім нямнога людзей, у асноўным, сталага веку.

 

Да іх падыходзілі “таварышы” з навушнікамі і настойліва прапаноўвалі ачысціць тэрыторыю. Месца зялёнага і бардовага аўтобусаў заняў мікрааўтобус цёмна-сіняга колеру. Напэўна, апошняй кропкай гэтых падзеяў стаў момант, калі нейкі дзяцюк спрактыкаваным рухам закінуў у мікрааўтобус чыйсьці ровар.