Чувашы памятаюць пра Чапаева, украінцы пра Шчорса – не

|

Таварыш Сталін назваў Шчорса «украінскім Чапаевым». Абодва не маюць ніякага дачынення да Гродна, аднак у нашым горадзе ім пастаўлены помнікі. Ля помніка Чапаеву ёсць вянок з надпісам «Васілію Іванавічу ад супольнасці чувашоў». Вянок быў ускладзены два гады таму, 6 чэрвеня 2010 г., як заключны акорд тагачаснага фестывалю нацыянальных культур, што праходзіў у Гродне.

 

А вось каля помніку Шчорсу нічога такога няма. Украінцы, відаць, забыліся пра свайго земляка. Праўда, абстаноўка тут больш душэўная. У скверыку, дзе знаходзіцца помнік Мікалаю Аляксандравічу, ёсць лаўкі, на якіх любяць пасядзець маладыя мамы з каляскамі і мужчыны розных узростаў з чымсьці прыхаваным у пакетах.

 

Прапаную ўдзельнікам сёлетняга фестывалю прыйсці да каменнага Шчорса і пакласці да падножжа помніка якія-небудзь кветкі. Тым больш, што прыхільнікі Васілія Іванавіча яшчэ ў лютым адзначылі 125-гадовы юбілей свайго куміра, а дзень нараджэння Мікалая Аляксандравіча прыпадае як раз на 6 чэрвеня.