Школьныя іспыты не праходзяць іспытаў сістэмы адукацыі

– Ведаеш, надакучыў гэты цырк, – пачала скардзіцца сяброўка. – Кожны год адчуваю сябе клоўнам. Абрыдла рабіць выгляд, што быццам бы не бачу, хто спісвае, а таксама не звяртаць увагі, як калега чытае тэкст дыктанта або пераказа настолькі павольна, вымаўляючы выразна ледзь не кожную літару, што трэба быць аслом, каб не напісаць правільна.

– Усе мы былі вучнямі. Узгадай, ці ў нашых школах не дапамагалі… – паспрабавала я заняць пазіцыю вучня.

– Так, – працягнула мая суразмоўца, – але мне падаецца, такой нахабнасці ў нашыя часы не было: ці прыносілі мы аднолькавыя ручкі на экзамен.

– ???

– Але ж ты цёмная! Настаўнік яшчэ загадзя кажа вучням прынесці аднолькавыя ручкі на выпадак, каб пасля падправіць памылкі. Мне не шкада вучням добрых адзнак, але, на мой погляд, такім чынам настаўнік проста прыніжае сябе ў вачах выхаванцаў. І думаеш, яны пасля «дзякуй скажуць? Гэта прымаецца як належнае.

– Па шчырасці, мне дзіка чуць тое, што ты расказваеш. Я ведаю выпадак, калі камісія заваліла дзіця супрацоўніка сваёй школы: злавілі са шпаргалкай і знізілі адзнаку.

– Ды ну! Такая школа адна на мільён…

 

Пасля размовы з сяброўкай я вырашыла праверыць тое, што пачула ад яе, і запыталася ў карыстальнікаў сацыяльных сетак, ці дапамагалі ім здаваць экзамен у школе? Вынікі мяне шакавалі –  87 % апытаных далі станоўчы адказ.

 

Пазіцыя настаўнікаў

Тады паўстае абсалютна лагічнае пытанне, ці патрэбныя выпускныя экзамены ў школе? За адказам на гэта пытанне я звярнулася да некаторых настаўнікаў.

 

align=”left” >Дзмітрый Вадзімавіч: З аднаго боку, выпускныя экзамены ў школе – рэч патрэбная, яны падводзяць рысу ўсяго школьнага жыцця. Аднак на сённяшні дзень гэта, хутчэй, псіхалагічны момант. З практычнага боку, школьныя экзамены нічога не даюць. Вучні умудраюцца спісаць, амаль усе з іх загадзя ведаюць свае адзнакі. Такім чынам, каштоўнасць школьнага экзамену як метаду кантролю ведаў імкнецца да нуля.

Іншая справа – экзамены ў гімназіях, якія праводзяцца ў 4 і 7 класах для пераходу ў 5 і 8 класы. На мой погляд, гэтыя экзамены больш карысныя, бо з’яўляюцца даволі магутным матывацыйных фактарам: не здасі іспыты – адлічаць з гімназіі.

 

Ганна Антонаўна: У 9-м класе выпускныя экзамены патрэбныя. Дзеці набываюць вопыт здачы экзамену, гэта іх мабілізуе, вучыць самастойнасці. Часта гэта – першае сур’ёзнае выпрабаванне і першая адказнасць. Да таго ж, калі яшчэ дзеці змогуць вывучыць, напрыклад, гісторыю Беларусі. Мы заўсёды сутыкаемся з праблемай недахопу ведаў аб сваёй краіне і родным горадзе. Дзякуючы экзамену, яны хаця б пашыраць кругагляд у гэтай галіне.

А вось у 11-м класе выпускныя экзамены не даюць дзіцяці нічога. Зараз школьныя экзамены – толькі лішнія клопаты і нервы. Каб яны сталі эфектыўнымі, трэба змяніць іх форму. І тут усё залежыць ад таго, якія менавіта веды мы хочам праверыць. Калі пісьменнасць, то найлепшай формай  экзамену будзе дыктоўка, калі здольнасці і ўменне разважаць – сачыненне. А што дае пераказ? Па-мойму, нічога. Калісьці 11-класнікі здавалі беларускую літаратуру. Гэта быў патрэбны экзамен, паколькі дзеці хоць нешта ведалі пра беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.

Да таго ж, выпускныя экзамены для выпускнікоў – гэта падвойная непатрэбная нагрузка. Дзеці паралельна рыхтуюцца да двух выпрабаванняў: выпускных экзаменаў у школе і цэнтралізаванага тэсціравання. А гэта дзве цалкам розныя і затратныя формы падрыхтоўкі. Параўнайце: пераклад і тэст, або вусны экзамен і тэст. Таму, каб пазбегнуць лішняй траты часу і не загружаць сябе, дзеці ідуць па шляху найменшага супраціву. Яны вельмі рэдка выбіраюць вусны экзамен па гісторыі ці геаграфіі, а аддаюць перавагу пісьмовым экзаменам, бо да іх не трэба дадаткова рыхтавацца і адцягваць увагу ад падрыхтоўкі да ЦТ па профільных прадметах.

 

Дзмітрый Мікалаевіч: Экзамены – недасканалая форма кантролю, але чалавецтва пакуль нічога лепшага не прыдумала. Як казаў Канфуцый, рэформу трэба пачынаць з імёнаў. Гэта датычыцца і самога экзамену як феномена. Экзамен – суадносіны рэальнага і ідэальнага. Усё астатняе вызначаецца «дробязямі» – формай, зместам, крытэрамі. Ці ёсць гэта разуменне «дробязяў» у школе? Ёсць у аспекце формы, таму і адукацыя называецца фармальнай.
Калі ў школах экзамен – форма, то ён становіцца фармальным, важнейшай з’яўляецца знешняя працэдура, а вынікі «працы» аналізуюцца па фармальных адзнаках. Адзнакі заўсёды фармальныя – яны адлюстроўваюць не змест адукацыі, а агульнапрынятыя ў канкрэтным асяроддзі суб’ектыўныя патрабаванні.

 

За мяжой

У большасці краінаў Еўропы, сярод якіх не толькі высокаразвітыя Германія, Францыя, Велікабрытанія, але і суседнія нам Польшча і Расія, вучні пры заканчэнні школы здаюць адзіны экзамен па вызначаных прадметах, які з’яўляецца вынікам школьнага навучання, а таксама дазваляе паступаць у ВНУ, таму кантроль на такім экзамене даволі сур’ёзны і спісаць наўрад ці атрымаецца. Пра гэта сведчыць статыстыка. У мінулым годзе з 343 тысяч палякаў 84 тысячы завалілі экзамен. Ці вядомы хоць адзін такі выпадак у гісторыі нашай краіны?

 

Пазіцыя бацькоў

Як вы ставіцеся да дапамогі дзецям падчас школьных экзаменаў? Адказ на гэта пытанне я папрасіла даць бацькоў выпускнікоў.


Тамара Лукашук: Я супраць дапамогі. Не бачу ніякога сэнсу ў такім экзамене, калі ён не правярае веды.


Аляксандр Стасюкевіч: Дзеці рыхтуюцца пры паступленні зусім да іншых формаў экзаменаў – цэнтралізаванага тэсціравання. А тыя школьныя экзамены, якія існуюць сёння, проста абавязак, а раз так, то няхай дапамагаюць. Трэба дапамагаць, каб не псаваць дзецям атэстат.


Валянціна Акуленка: Кожнае дзіця перажывае за сваю адзнаку, за бал атэстата, таму я лічу, што няма нічога страшнага ў тым, калі настаўнік дапаможа, падкажа на экзамене. Я б увогуле адмяніла экзамены ў школе, бо яны не супадаюць па форме з уступнымі. Параўнайце, пераказ па мове і тэсціраванне. Вось раней, калі мы вучыліся, быў сэнс ад выпускных экзаменаў: пісалі сачыненне ў школе і ў ВНУ. Таму школьны экзамен у наш час быў патрэбны хаця б для трэніроўкі, своеасаблівая рэпетыцыя.

 

І вымалёўваецца такая карціна…

 

У школе вучні пішуць дыктант або пераказ па мовах, кантрольную па матэматыцы і здаюць вусна экзамен па гісторыі Беларусі. Таксама па жаданні вучня здаюцца вусна экзамены па біялогіі, фізіцы, хіміі і інш. прадметах. І калі з пісьмовым школьным экзаменам форма тэсціравання хоць неяк супадае, то па вусных экзаменах тэсты, хутчэй, нагадваюць віктарыну, чым рэальна правяраюць веды. Таму пры падрыхтоўцы да розных формаў экзаменаў церпяць і вучні, і настаўнікі. Прычым, апошнія значна больш.

 

Як бы настаўнік не стараўся, аднолькава падрыхтаваць вучняў і да экзамену, і да тэсціравання не атрымаецца. А паколькі ў школах працуе большасць настаўнікаў старой сістэмы адукацыі, то ім значна прасцей падрыхтаваць дзяцей да школьнай формы экзамену, а не да тэсціравання. І калі вучань у такой сітуацыі можа згубіць толькі ў ведах, то настаўнік яшчэ і матэрыяльна. Дастаткова ўзгадаць гісторыю, якая тры гады таму адбылася на Гомельшчыне, калі мясцовае аблана хацела прымусіць настаўнікаў несці адказнасць за вынікі ЦТ.

 

Магчыма варта ўсё ж такі паглядзець на еўрапейцаў і таксама зрабіць агульны экзамен, які будзе адначасова і вынікам школьнага навучання, і дазволіць паступаць у ВНУ. Тады вучням і іх бацькам, а таксама настаўнікам і выкладчыкам дыхацца стане вальней.

Фота на застаўцы: sovch.chuvashia.com