Забыць, як страшны сон!

|

Нагадаем, што 6 траўня гарадзенцы саступілі ў гасцёх БАТЭ з лікам 0-6. Гэта самы буйны лік, зафіксаваны ў сёлетнім чэмпіянаце і другая па ганебнасці буйная параза ў гісторыі «Нёмана» (у канцы мінулага стагоддзя была яшчэ параза ў Рэчыцы ад тамтэйшага «Ведрыча» з лікам 0-9!).

 

Можна, канечне, зрабіць скідку на тое, што БАТЭ сапраўды наймацнейшая каманда ў Беларусі, што ў складзе «Нёмана» шмат гульцоў ва ўзросце (менавіта гэта ў якасці адной з прычын паразы ў Барысаве назваў трэнер гарадзенцаў Алег Радушка), якія не паспелі аднавіць сілы пры шчыльным графіку гульняў. Але гэта наўрадці можна лічыць апраўданнем паразы з такім буйным лікам.

У такой сітуацыі сапраўды трэба як мага хутчэй забыць пра гэтую гульню і рэабілітавацца ў вачох заўзятараў ужо ў найбліжэйшым туры.

10 траўня ў Гродна завітае прынцыповы супернік «Нёмана» – брэсцкае «Дынама». Менавіта гэтая каманда ў далёкім ужо 2002-м годзе фактычна пазбавіла «Нёман» залатых медалёў чэмпіянату, не даўшы перамагчы сябе ў сустрэчы апошняга тура ў Брэсце. У выніку «Нёман» набраў тады роўную колькасць ачкоў з БАТЭ, якому затым і саступіў у дадатковай сустрэчы «золата» чэмпіянату. Раз’юшаны тагачасны трэнер «Нёмана» назваў тады берасцейцаў «мудазвонамі», што надало яшчэ большай прынцыповасці наступным сустрэчам каманд у чэмпіянатах краіны.

Летась дынамаўцы дзякуючы фенаменальнай гульні свайго нападніка Мазалеўскага выйгралі ў Гродне. Другой запар хатняй паразы, ды яшчэ пасля фіяска ў Барысаве, гарадзенскія заўзятары не зразумеюць.

На здымку: Віталь Надзіеўскі спыняе Паўла Няхайчыка, але не БАТЭ!

В.Дрэма

Фота: fcneman.com