Эколагі прапанавалі будаўнікам і заказчыкам Астравецкай АЭС пакаяцца

|

Беларуская партыя “Зялёныя” і грамадскае аб’яднанне «Экадом» прапанавалі будаўнікам і заказчыкам Астравецкай АЭС сваю версію паслання нашчадкам.

 

Раней будаўнікі атамнай электрастанцыі ў Беларусі абвясцілі, што маюць намер закласці капсулу з пасланнем нашчадкам у падмурак беларускай АЭС 3 жніўня.

 

Аўтары тэксту прапануюць будаўнікам і заказчыкам Астравецкай АЭС прызнацца ў тым, што яны былі інфармаваныя аб усіх наступствах ўздзеяння гэтага аб’екта на навакольнае асяроддзе, здароўе грамадзян, а таксама эканоміку краіны, а таксама ў тым, што яны свядома перакладаюць цяжар праблем, звязаных з беларускай атамнай, на будучыя пакаленні беларусаў.

 

«Мы пачалі гэтую будоўлю, выразна разумеючы, што ў нас няма ні сродкаў, ні тэхналогій для утылізацыі, захоўвання і ізаляцыі ад навакольнага асяроддзя на працягу 240000 гадоў адпрацаванага ядзернага паліва Астравецкай АЭС», – гаворыцца ў тэксце ліста.

 

– “Мы разумелі, што вам аддаваць десяціміліярдны крэдыт, які мы ўзялі для будаўніцтва гэтай электрастанцыі. Кожны грамадзянін Беларусі – наш сучаснік, ужо быў павінен 1000 даляраў ЗША Расеі за гэтую АЭС. Мы ведалі таксама і пра тое, што вам спатрэбіцца куча сродкаў на лячэнне хворых, якіх стане больш, дзякуючы гэтай АЭС”.

 

Эколагі прапануюць будаўнікам і заказчыкам АЭС распавесці і аб тых шматлікіх парушэннях, на якія яны ідуць дзеля будаўніцтва.

 

«Мы праігнаравалі меркаванне сваіх грамадзян і міжнароднай грамадскасці, высновы Грамадскай экалагічнай экспертызы і папярэджанні навукоўцаў. Мы паступіліся нават тэхнічнымі нормамі і пачалі гэтую будоўлю без праекта», – гаворыцца ў пасланні.

 

Гісторыя беларускай АЭС была б няпоўнай, на думку аўтараў праўдзівага паслання, без згадкі пра тое, што яе збудаванне было накіравана супраць грамадзян-сучаснікаў:

 

«Мы патрацілі нямала грошай падаткаплацельшчыкаў, вашых продкаў, каб стварыць горы хлусні пра беларускую АЭС. З тымі, хто казаў праўду пра небяспеку і непатрэбнасць беларускай АЭС мы змагаліся – арыштоўвалі, высылалі з Беларусі, спрабуючы прымусіць замаўчаць».

 

Аўтары праўдзівага паслання нашчадкам настойваюць на абвяшчэнні сапраўдных прычын будаўніцтва:

 

«Мы ведалі пра тое, што вы не будзеце мець недахопу ў электраэнергіі і без гэтага небяспечнага крыніцы. Мы прыдумалі гэтую ілжывую падставу, як і парадаксальную мэту – павышэнне энерганезалежнасці нашай краіны за кошт расейскай АЭС. На самой жа справе нам патрэбныя былі грошы і ўлада. І для дасягнення гэтых мэтаў мы не хацелі паступіцца нічым», – гаворыцца ў тэксце.

 

«Закладка капсулы – гэта сімвалічны жэст, але будаўніцтва беларускай АЭС ужо зараз уяўляе сабой закладку міны запаволенага дзеяння для цяперашняга і будучых пакаленняў жыхароў, – кажа Таццяна Новікава, адказны сакратар Грамадскай экалагічнай экспертызы праекту беларускай АЭС.

 

– «Мы лічым, што будаўнікі АЭС – а гэта і беларуская дзяржава, і расійская дзяржкарпарацыя «Расатам» – павінны пакаяцца перад будучымі пакаленнямі і, затым адмовіцца ад сваіх небяспечных планаў”.

 

Паводле прэс-рэлізу ГА “Экадом”

 

Даведка ТС:

align=”left” >Закладка капсулы з пасланнем нашчадкам, запланаваная на 3 жніўня, перанесеная на невызначаны пакуль тэрмін.

 

Меркавалася, што ўдзел у закладцы капсулы ў Астраўцы мог узяць Аляксандр Лукашэнка.

 

Раней у СМІ паведамлялася, што асновай для памятнага знаку для закладкі капсулы стане валун вагой звыш 13 тон.

 

Заказ на яго апрацоўку атрымаў лідскі скульптар Рычард Груша (на здымку).

 

Ён ужо зрабіў нішу, у якую будзе змешчана капсула, а таксама павінен быў падрыхтаваць металічную пліту з выгравіраваным на ёй тэкстам і эмблемай першай беларускай АЭС.