На ровары ў пошуках Атлантыды

|

За нядоўгі час свайго існавання сябры суполкі ўжо добра павандравалі па ваколіцах Гродна і не збіраюцца спыняцца.

 

Наш суразмоўца – адзін з заснавальнікаў і актыўных удзельнікаў суполкі, гарадзенскі журналіст Вітаўт Парфёненка (на здымку ніжэй).

 


– Як узнікла ідэя стварэння Кола раварыстаў і з каго гэтае кола складаецца зараз?

 

– Каб стварыць кола аднадумцаў, трэба найперш знайсці іх. Вялікая частка нашых суайчыннікаў мае сімпатыі да любой ініцыятывы. Але зрабіць крок наперад і ідэю увасобіць, не адзінкава, а ўсцяж – вось гэта выклік!

 

Яшчэ ня было назвы і ня было ідэі на доўгі тэрмін, але сябра-краязнаўца, географ Алесь Крой (на здымку ніжэй) набыў для першай вандроўкі ровар! Я сам лянівы, таму быў вельмі ўдзячны за яго падтрымку ў рэалізацыі такой ідэі.

 

На пачатку варта было задаць тэмп і перыядычнасць вандровак. Мы дамовіліся: мінімум адна вандроўка штотыдзень.

 

У нашай суполцы на Фэйсбуку 29 чалавек. Там ёсць людзі, якія яшчэ аніводнага разу не ездзілі з намі, але маюць зацікаўленасць – хай бачаць і зайздросцяць, дзе мы былі.

 

Былі пад іх носам і бачылі тое, пра што яны не здагадваюцца, што гэта магчыма ў нас.

 

Ёсць касцяк, аснова сяброў кола, яны былі ў большасьці вандровак. Хтосьці далучаецца цяпер, у гэтыя дні.

 

Напрыклад, адным з актывістаў стаў праграміст, які свайго ровару ня мае – пазычыў на 2 месяцы і пабываў амаль ва ўсіх фартах вакол Горадні.

 

Форт № 3

 

Андрэй Мялешка (на здымку ніжэй на старым Нёманскім мосце) – журналіст, пасля доўгіх прыцэнак таксама набыў сабе ровар – спадзяюся, стане актывістам вандровак.

 

 

На наш тыповы выязд збіраюцца ад 2-х да 4-х чалавек.

 


– У чым ты бачыш прынцыповыя адрозненні Кола ад іншых суполак раварыстаў (напрыклад, velogrodno.by)?

 

– Адрозненне ў тым, што я хачу, каб была перыядычнасць. Мне імпануе рытм “пакатушак”, які задаецца раварыстамі на гэтым сайце, але нашае “кола” хоча дадаць троху “душы”.

 

Мы краязнаўчае “Кола сяброў” – таму наша задача ня проста “пілаваць па шашы” ( хаця гэта па мне), але прыцягваць нашай лакальнай гісторыяй, паказываць тую Атлантыду, якая пад намі.

 

Субмрына на Луцкаўлянскім возеры

 

 Ну і мы прапагандуем размаўляць па-беларуску. Увесь час – практыкавацца ў нашым асяроддзі тым, што не мае такога досведу.

 

– Які са здзейсненых вамі маршрутаў табе запомніўся найбольш і чым?

 

– Самы першы – “Па мясцінах Яўхіма Карскага”.  З яго фактычна пачалася наша суполка. Маршрут быў на 3 дні.

 

А вось сярод дзённых напэўна запомніўся найбольш той, дзе пацярпеў – прадзіраліся да 9-га форта часоў Першае святовае вайны. На нагах і руках усё пакрыта крывавымі пысягамі ад зарасцяў. Вынік, як узнагарода. Мы ўбычылі амаль не пашкоджаны форт.

 

Сталактыты – адметнасць гарадзенскіх фартоў

 

– Якое яшчэ няздзейсненае падарожжа ты б назваў падарожжам сваёй мары? 


– Малая мара – з’ездзіць у Друскенікі, да Даргуньскага возера ля мяжы – кажуць, яно мае страшную легенду – хачу пераканацца.

 

Але гэта не мары, бо гэта лёгка зрабіць самому. А вось выцягнуць нашых беларусаў у вандроўку – каб папацелі і падзівіліся на прыгажосць ваколіцаў – гэта мара, дзеля якой і імкнуся дзейнічаць, і ня толькі ўжо я.

 

 

У матэрыяле выкарыстаныя фотаздымкі з суполкі Кола раварыстаў-падарожнікаў у Фэйсбуку