Развітанне з сядзібай Агінскага

Мястэчка Залессе каля Смаргоні, дзе нарадзіўся знакаміты паланез “Развітанне з Радзімай”, зараз знаходзіцца ў аварыйным становішчы. Пры гэтым мясцовыя ўлады не могуць вызначыцца, хто аплоціць рамонт.

Міхал Клеафас Агінскі ў 1802 годзе разам з жонкай прыехаў пад Смаргонь з эміграцыі, пабудаваў тут сядзібу і заклаў парк. Зараз ад яе засталіся толькі сцены, унутры – голы бетон. Апошнія рэстаўрацыйныя працы рабіліся 30 гадоў таму, яшчэ пры савецкай уладзе. Сцены падтрымліваюцца будаўнічымі рыштаваннямі.

У 80-я гады мінулага стагоддзя сядзібай валодаў “Сморгоньсиликатобетон”. На месцы двору збіраліся пабудаваць санаторый, але перадумалі. Прафілакторый пабудавалі побач, а сядзібу мінімальна закансервавалі да лепшых часоў – умацавалі фундамент, дах, атынкавалі сцены і перадалі на баланс Міністэрства культуры. Зараз Мінкульт перадае сядзібу на баланс Смаргонскага райвыканкама. Па ацэнцы загадчыка сядзібы Агінскіх Уладзіміра Ліхоты, на рэстаўрацыю патрэбна як мінімум 5 мільярдаў рублёў. Па яго словах, зараз адрэстаўраваная толькі каплічка, якая была калісьці сямейнай царквой Агінскіх, ды падтрымліваецца парк.

Паводле www.tut.by