Чаго прыязджалі футбольныя заўзятары ў Слонім?

Міліцыя высвятляе, чаму менавіта ў Слонім з’ехаліся футбольныя фанаты з трох гарадоў Беларусі і ўчынілі там бойку. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку УУС Гродзенскай вобласці Мікалай Аліфіровец.

“Праводзіцца праверка па факце бойкі футбольных фанатаў у Слоніме, затрыманы меркаваны яе арганізатар”, паведаміў М. Аліфіровец.

Акрамя таго, па яго словах, праводзіцца праверка абгрунтаванасці прымянення табельнай зброі супрацоўнікам слонімскай міліцыі, які выстраліў 8 разоў у паветра, каб паклікаць на дапамогу калег.

М. Аліфіровец патлумачыў, што “ў Слонім, які ніколі не быў сталіцай футбольных заўзятараў, на матч паміж мясцовай футбольнай камандай і “Белшынай” (Бабруйск), прыехалі фанаты з Баранавічай, Брэста і Мінска. У самім Слоніме не больш за 40 футбольных заўзятараў”.

Па яго словах, “усім футбольным фанатам, якія прыехалі ў Слонім, не больш за 20 год, усе былі цвярозыя. На першы погляд, яны не належаць да дэструктыўных груп”.

Паводле interfax.by

Здымак паводле gs.by