Навучанне ў Маскве, Вільні і Мінску: плюсы і мінусы

|



Дзеяніра (на здымку) вучыцца на 3-м курсе Маскоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэту імя Баўмана.

 

Сярод плюсаў навучання ў гэтай ВНУ дзяўчына адзначае такі важны пункт, як магчымасць уладкавання на працу як бакалаўраў, так і яшчэ студэнтаў.

 

Сацыялізацыі і агульнаму развіццю спрыяе таксама  мульцінацыянальны  кантынгент ВНУ.

 

Дзеяніра адзначае высокі прафесіяналізм выкладчыкаў, сярод якіх асабліва вылучаюцца гуманітарыі (псіхолагі, сацыёлагі, філосафы).

 

Галоўны мінус “Баўманкі” з пункту гледжання гарадзенкі – гэта імгненная нагрузка, якая навальваецца на студэнтаў ад першых дзён навучання.

 

Ужо з першага курса студэнт павінен займацца вучобай па-максімуму, каб не быць выключаным адразу пасля першага семестру (а працэнт такіх людзей вельмі высокі).

 

Сама Дзеяніра знаходзіць час і на вучобу і на іншыя заняткі (мае падпрацоўку ў тэатры) і таму жыццё ў Маскве ёй падабаецца.

 

Наташа навучаецца ў Вільні на другім курсе ЕГУ. Першае, што яна адзначыла ў размове – гэта мабільнасць студэнтаў, кожны з якіх можа самастойна выбіраць сабе дадатковыя дысцыпліны навучання для паралельнай праграмы.

 

Акрамя гэтага, студэнтка адзначае, што рэйтынгавая сістэма з’яўляецца пастаянным стымулам для навучэнцаў. Вялікі плюс ЕГУ – стыпендыя, якая складае 200 еўра. Але ў той жа час стыпендыя з’яўляецца і мінусам, бо атрымаць яе можна толькі па сканчэнні першага семестру навучання, трапіўшы ў 14 лепшых з патоку ўсяго курсу.

 

Напрыклад, у 2011-2012 годзе навучання пасля першага семестру стыпендыі атрымалі 14 з прыкладна 165-170 чалавек (пачаткова было 168, але невядома колькі сышлі з універсітэту).

 

Плюсам і мінусам адначасова называе сістэму дыстанцыйнага навучання moodle. Студэнтка называе яе самай неарганізаванай на бягучы год, але ў той жа час вельмі зручнай для студэнтаў. Калі коратка, то гэта сваеасаблівы сайт, на якім здзейсняецца навучальны працэс (двухбаковы кантакт паміж студэнтамі і выкладчыкамі). Усе эсэ і творчыя працы загружаюцца ў гэту сістэму.

 

Ірына (імя змененае па просьбе самой дзяўчыны) з’яўляецца навучэнкай 3-га курсу Акадэміі кіравання пры прэзідэнце РБ.

 

Дасланы ёй пералік плюсаў складаўся ўсяго з трох пунктаў: прэстыжнасць ВНУ, цікавыя выкладчыкі і студэнты.

 

А вось спіс мінусаў утрымліваў аж 21 пункт: нязручны расклад, старыя метады выкладання (студэнтам сумна на лекцыях), “шмат бюракратыі”, мала практычных заняткаў. Акрамя таго, як паспяховая студэнтка, дзяўчына скардзіцца на кепскую бібліятэку, праблемы з апаратурай і тэхнікай, кепскі кантроль ведаў (амаль усе экзамены можна спісаць, што, дарэчы, не скажаш, напрыклад, пра ЕГУ).

 

Здараюцца выпадкі палітычнага ціску на студэнтаў. Скасавалі вывучэнне другой замежнай мовы. Акрамя таго, умовы пражывання ў студэнцкіх інтэрнатах вельмі кепскія.

 

Але ў цэлым, лічыць дзяўчына, гэта не праблемы іх канкрэтнай ВНУ, а праблемы сістэмы адукацыі ў Беларусі ў цэлым.

 

Казаць пра тое, што адукацыя за мяжой ідэальная, не можна, але тое, што яна больш якасная – хутчэй праўда. Пры гэтым многія маладыя гарадзенцы-абітурыенты арыентуюцца пры выбары месцаў навучання на ўмовы жыцця ў краіне, мінімальныя заробкі, сервіс і г.д. Але падчас навучання разумееш, што радасці і плюсы навучання за мяжой не толькі ў стылі жыцця палякаў, літоўцаў, альбо кагосьці яшчэ, а таксама ў самім працэссе навучання. Выкладчыкі лічаць студэнтаў перспектыўнымі, дарослымі, не лаюцца за пропускі ці недастатковую працу з вучэбным матэрыялам. Студэнты не баяцца задаваць пытанні і выказваць сваю думку.

 

Канечне, для многіх навучанне за мяжой – нятаннае задавальненне. Але з іншага боку замежныя ВНУ – адчыненыя дзверы ў іншае жыццё. Шкада толькі, што назад праз гэтыя дзверы вяртаюцца адзінкі і Беларусь год за годам губляе сотні а то і больш маладых і таленавітых людзей, якія не хочуць не толькі вучыцца, але і заставацца ў гэтай краіне.