Ці патрэбны ў Гродне гімназіі і ліцэі?

|

Абвінавачванні ў бок гэтых устаноў зводзяцца да наступнага: гіманазіі ды ліцэі па выніках алімпіяд не апраўдваюць укладзеныя ў іх грошы, набяраюць дзяцей без асаблівых здольнасцей і толькі з-за жадання бацькоў, да таго ж забіраюць лепшых настаўнікаў.

 

     
   Анна Міхайлаўна Дулуб, дырэктарка гродзенскай гарадской гімназіі:  
       
  «Я не думаю, што такая прапанова можа мець месца. Гэта нейкая плётка, невядома для чаго створаная. У навучэнцаў гімназій найлепшыя вынікі ў фізіцы, інфарматыцы. Ліцэй БДУ, мінская гімназія №1, Веснянскі дом-інтэрнат – вядомыя ва ўсім свеце».  
     

 

Святлана Аляксандраўна Маразевіч (Іоська), якая ў свой час засноўвала першы беларускі ліцэй у Гродне, распавяла пра сваё бачанне сучасных ліцэяў і гімназій.

 

Як вы ставіцеся да ідэі скасавання ліцэяў і гімназій?

 

Я бачыла, як уздымалася хваля новай адукацыі у час перабудовы. У канцы 90-х было шмат рэпартажаў на тэлебачанні, конкурсаў на лепшага выкладчыка. Тады з’явілася хваля школ новага кірунку. Пасля фестываля ў Крыме ў 1991 годзе, калі я пабачыла прадстаўнікоў інавацыйных школ таго часу, мы захацелі зрабіць нешта падобнае і ў Гродне.

 

Я спадзявалася, што будуць школы ўвогуле новага тыпу: з новым светаглядам, з новай філасофіяй адукацыі. Атрымалася ж так, што школы сталі змяняць назвы, але сутнасць мала чым адрозніваецца. Так, у гіманазіі сапраўды імкнуцца лепшыя настаўнікі, бацькі таксама хочуць адаць сваё дзіця туды. Але гэта абумоўлена раздутым паняццем прэстыжнасці. Зараз, па-сутнасці, ліцэі і гімназіі няшмат чым адрозніваюцца.

 

Добрая ідэя, якая была ў нас калісьці, абрасла шмат чым іншым. Ідэя інавацыйнага ліцэя засталася толькі ідэяй. Тыя інавацыі, якія ёсць сёння, губляюць сутнасны стрыжань. І, насамрэч, тое, у чым абвінавачваюць гімназіі, мае месца. Таму сёння я маю амбівалентнае стаўленне да ліцэяў і гімназій, нягледзячы на тое, што ў свой час я паклала шмат намаганняў, каб ў Гродне была школа іншага тыпу.

 

Чаму ў свой час ваша ідэя ліцэя новага тыпу не знайшла падтрымкі?

 

Да ўсяго гэтага трэба ставіцца парадыгмальна. Пэўныя рэчы аказваюцца апераджальнымі для свайго часу. Нашы мэты былі ідэалістычнымі. Мы хацелі аб’яднаць новую адукацыю з новай навукай. Было жаданне, каб беларуская мова стала парадыгмальным падмуркам новага вітка навукі, бо яна адна з самых уладкаваных моваў свету. Мы імкнуліся да новага этычнага ўзроўню, як гэта было ў лепшых ліцэя, напрыклад Пушкінскім. Я не магу сказаць, што гэта былі замкі на пяску. Падмуркі для гэтага меліся, але гэта было сапраўды вельмі ідэалістычна.

 

Якія існуюць праблемы ў сучасных гімназіях ды ліцэях?

 

Зараз шмат вонкавасці, крыклівасці. Чалавека не вучаць пазнаваць самаго сябе, няма сувязі душы з духам. Інтэлектуалізм і духоўнасць – розныя рэчы. У апошні час было скасавана многа выбітных курсаў: мастацкай культуры, музыкі. Тыя ліцэісты, якія прайшлі гэтыя курсы, прыкметна адрозніваюцца.

 

Зараз усё пераводзяць на тэсты, што таксама не спрыяе развіццю чалавека. Пасля філалагічнага класа чалавек не можа нават напісаць аповед пра сябе. Дзеці проста перанасычаны тэрмінамі, кампутарамі. Павышаная складанасць, забіванне тэрміналогіяй не вядзе да нечага лепшага.

 

Ці бачыце вы лепшую альтэрнатыву ліцэям і гімназіям?

 

Пакуль што не бачу. Магчыма, зараз нешта і выспявае. Можа новае пакаленне з’яднае наяўнае і зробіць нешта лепшае. Зараз, па-першае, пытанне не ў колькасці, а ў якасці. Мы не ведаем, што за паваротам. Я бачу будучыню за моладдзю, якая захоўвае ў сабе ўнутраны стрыжань.

 

Ілюстрацыя notrade.com