Як смакуе напой «сярдзітых птушак»?

| Без катэгорыі

Дзеля гэтага ў адной з гарадзенскіх прадуктовых крамаў была купленая бляшанка 0,33 літры. Згодна з інструкцыяй, перад піццём мы патрымалі яе ў халадзільніку, а пасля пералілі ў шклянку, каб мець магчымасць ацаніць не толькі смак, але таксама пах і колер.

Для чысціні эксперымента мы пералілі змесціва бляшанкі ў чыстую шклянку

 

Па смаку Angry Birds нагадвае хутчэй сумесь Cherry Coke, Pepsi Twist і жвачкі Hubba Bubba: гэта даволі салодкая кола, але з адчувальнай кіслінкаю, быццам з павышаным дадаткам лімоннай кіслаты (якая, канешне ж, ёсць у гэтым напоі). Склад, прыведзены на бляшанцы, тлумачыць, што за салодкасць і кісласць адказваюць, адпаведна, «ідэнтычныя натуральнаму араматызатары “Tropical” і “Кола”».

Уражвае зусім нечаканая прысутнасць у напоі вітамінаў B3, B5, B6, B7, але яшчэ больш уражвае, што гэтым не скарысталіся ў маркетынгавай кампаніі – інфармацыя пра склад прадукта напісаная звычайным дробным шрыфтом. Адзіным фарбавальнікам у складзе з’яўляецца цукровы E150b, які шырока выкарыстоўваецца ў падобных прадуктах для надання цёмнага колеру. Колер, дарэчы не такі ўжо і цёмны – нагадвае які-небудзь больш светлы квас. Coca Cola дакладна цямнейшая.

 

Уважлівае чытанне надпісаў на бляшанцы выявіла яшчэ і тое, што «Лідскае піва» насамрэч наогул не прадукуе «птушыны» напой. Яго робіць латышскі Cesu Alus, які таксама належыць фінскаму канцэрну Olvi. Лідскі піўзавод усяго толькі імпартуе гатовую «колу» ў Беларусь.

 

Калі падводзіць вынік, дык Angry Birds уяўляе сабою нешта паміж «Бела Колай» і грузінскім ліманадам Натахтары, але ўсё ж бліжэй да першага. Свайго пакупніка каляровыя бляшанкі знойдуць, перадусім дзякуючы папулярнай франшызе. Аднак наўрадці «сярдзітыя птушкі» змогуць прыцягнуць кагосці так моцна і надоўга, як аднайменная гульня. Бо гэта проста банальная газіроўка.

 

     
  «Лідскае піва» ўжо даўно паспяхова працуе ў сферы безалкагольных ды слабаалкагольных напояў. Квас вытворчасці гэтай фірмы – адзін з найпапулярнейшых у Беларусі – патроху прабіваецца на замежныя рынкі. У гэтым годзе ён у шматлікіх месцах Польшчы выціснуў з продажу свайго ўкраінскага канкурэнта ад бровара «Оболонь». Дарэчы, цана кваса «Лідскага» ў Польшчы – 12 злотых, то бок недзе ў 3 разы больш за тое, колькі плацяць беларусы.  
     
  Іншае пітво, якое аказалася вялікім поспехам – сідр «Fizz», які хутка і без праблем перамог слабейшага канкурэнта – сідрападобны напой Apple Jack.