Таварыства аховы помнікаў будзе абараняць гісторыка-культурную спадчыну праз суд

|

Антон Астаповіч нагадаў, што на чацьвёртым Усебеларускім сходзе ў снежні 2010 года была прынятая праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гг. Адным з пунктаў праграмы было пашырэнне дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Закон «Аб ахове гісторыка-культурнайспадчыны Рэспублікі Беларусь» і пастанова Савета міністраў ад 15 чэрвеня 2006 года № 762 гарантуюць кожнай юрыдычнай і фізічнай асобе права падаваць у Міністэрства культуры прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнайкаштоўнасці матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праявам творчасці чалавека.

Аднак, на думку актывістаў таварыства аховы помнікаў, чыноўнікі Мінкульту ігнаруюць прававыя акты.

Такое ўражанне, што гэта альбо сабатаж дзяржаўнай палітыкі, альбо сабатаж грамадскай ініцыятывы, – кажа Астаповіч. – Міністэрства культуры па надуманых прычынах, якія цалкам не суадносяцца з дзейсным заканадаўствам, нават не прымае прапановы дзеля надання статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці і не робіць крокі згодна заканадаўству для далейшага іх вынясення на навукова-метадычную раду”.

Сярод прыкладаў, якія прывёў Антон Астаповіч – помнікі гарадзенскага рэгіёну:

Унікальныя драўляныя аб’екты – у першую чаргу цэрквы Слонімскага і Іўеўскага раёнаў. Каля 10 культавых аб’ектаў XIX стагоддзя. На гэтыя прапановы нават не атрыманыя адказы – вартыя яны альбо не, будуць выносіцца на нараду? Адным словам, не выкананае нават заканадаўства  аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.

 

З-за бяздзейнасці чыноўнікаў Мінкульту пацярпеў і гарадзенскі Новы Свет. Так, у траўні 2012 года быў зруйнаваны яскравы прыклад “драўлянага” канструктывізму дом Беклямішава па вул.Астроўскага, 15 (на здымку).

 

Цімафей Акудовіч, прадстаўнік грамадскай арганізацыі “Беларускі камітэт ІКАМОС”, тады распавядаў “Твайму стылю”: 

Гродзенскія гісторыкі сабралі матэрыял па гэтым будынку, а мы аформілі яго ў выглядзе заяўкі і падалі ва Упраўленне па ахове помнікаў (структуру ў Міністэрстве культуры).

Гэта было напрыканцы мінулай восені.Ведаю, што да гэтай пары пытанне не выносілася на разгляд рады.


Як падкрэсліў Антон Астаповіч, «чамусьці міністэрства не зацікаўленае ў наданні некаторым аб`ектам статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Калі ў аб`екта ёсць такі статус, тады мы маем права юрыдычна патрабаваць выканання пэўных норм. Але пакуль многім культурным аб`ектам такі статус не нададзены, мы іх проста губляем: калі будынак пазамінулага стагоддзя не ўнесены ў спіс, яго могуць зруйнаваць, не парушыўшы заканадаўства”.


Паводле http://belapan.by