У крамах мяса падаражэла, а на рынку – патаннела

|

Канешне, у крамах такі скачок цэн мы наўрадці будзем назіраць. Бо адпускныя кошты гэта не рознічныя, а тыя, па якіх мясакамбінаты прадаюць сваю прадукцыю ў крамы. Але мяса даражэе ўсё роўна. Напрыклад, калі свініна першай катэгорыі яшчэ на мінулым тыдні каштавала каля 43 тысяч, то зараз ужо 47. Паляндвіцу ў крамах можна набыць за 80-90 тысяч.

 

Павышэнне коштаў, як кажуць у Мінэканомікі, звязана з нерэнтабельнасцю вытворчасці і продажу сырога мяса. Маўляў, выгадаваць свінню ў нашай краіне даражэй, чым дзяржава дазваляе яе прадаць у крамы.

 

Што тычыцца рынка, то тут сітуацыю з паляндвіцамі ды галяшкамі было вырашына ўбачыць на ўласныя вочы. Высветлілася, што яна выглядае трошкі інакш.

 

Шчыра кажучы, накіроўваючыся на Скідзельскі рынак, думала ўбачыць новыя кошты на мяса, аднак тут мяса нават патаннела.

– А што кошты не паднялі? – пытаюся ў адной з прадавачак.

 

– А мы павінны? Чаму? – шчыра здзіўляецца яна.

 

– Ну, дык дзяржава ж падняла закупныя кошты.

 

– А што нам да дзяржавы. Мы ж у людзей закупаем, самі кошты рэгулюем. Вось не так даўно мяса нават патаннела.

 

І праўда, тую ж паляндвіцу на рынку можна набыць за 60-70 тысяч, лапатачную частку за 50-55 тысяч. Аналагічная свініна, што прапануюць крамы на рынку каштуе танней – ад 36 тысяч.

– Ці будзеце падымаць кошты? – пытаюся ў прадаўца, на прылаўках якога мясная прадукцыя на любы густ.

 

– Не, пакуль не плануем. Гэта ж ніхто браць тады не будзе. Сэнсу няма.

 

Каля крамаў, што працуюць ад мясцовых калгасаў, па звычцы таўкуцца пакупнікі. Аднак, кошты там не танней, чым у іншых крамах і даражэй, чым у прадпрымальнікаў.

 

Дарэчы, вельмі цікава параўнаць нашыя кошты з польскімі. Тым больш, што вялікія супермаркеты аператыўна выстаўляюць актуальную цэнавую інфармацыю ў інтэрнэце. Гэтак у Auchan свіная лапатка каштуе 13.99 злотых за кілаграм (каля 38 тыс. рублёў), а па зніжанай цане – 10.99 (кадя 30 тыс.), спінная частка ідзе за 17 злотых, а шыйная – 24 злотых.

Хаця, у той самай краме пры вялікай ахвоце можна знайсці і ў некалькі разоў даражэйшае мяса. Гэтак у сістэме Auchan Direct, дзе палякі могуць рабіць пакупкі праз сеціва, можна знайсці і паляндвіцу за 80 (!) злотых за кілаграм. Згодна з апісаннем, яна заўсёды свежая і запакоўваецца ў дзень дастаўкі.

 

Здымкі аўтаркі