Кнігу пра гісторыю Ваўкавыска ў міжваенны час выдадуць у Гродне

|

Аўтар кнігі – карэнны жыхар Ваўкавыска Мікалай Быхаўцаў, вядомы калекцыянер і краязнаўца. У канцы лета ў серыі “Невядомая гісторыя” ўжо была выдадзеная яго праца “Першыя Саветы. Ваўкавышчына 1939 – чэрвень 1941”. У прадмове да сваёй новай кнігі ён кажа:

 

“Перыяд гісторыі, аб якім напісана дадзеная кніга, у Польшчы прынята называць міжваенным. У Заходняй Беларусі пра яго кажуць: «пры Польшчы» ці «за палякамі».

 

Паводле Рыжскага мірнага пагаднення 1921 года Польшчы адышла заходняя частка Беларусі, а ў Савецкай Расіі засталася ўсходняя частка. Такім чынам, беларусы сталі жыць у двух розных сацыяльных сістэмах: капіталістычнай Польшчы і сацыялістычнай Расіі, пасля названай СССР. Паміж імі пралегла строга ахоўваемая мяжа, якая раздзяліла народ на больш чым 18 гад. Ні ў адной з абедзвюх частак падзеленай Беларусі беларусы не сталі гаспадарамі свайго лёсу. Калі ва Усходняй Беларусі стаў кіраваць бальшавіцкі тэрор, то ў Заходняй Беларусі карэннаму этнасу было адмоўлена ў аўтаноміі, праводзілася палітыка гвалтоўнай асіміляцыі, гэта значыць, апалячвання.

 

Росту дабрабыту насельніцтва Заходняй Беларусі не спрыяў сусветны эканамічны крызіс, які закрануў тутэйшае насельніцтва заняпадам цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю. З’явілася беспрацоўе. Польская ўлада не вырашылася на правядзенне радыкальнай зямельнай рэформы, не абмежавала вялікія зямельныя надзелы памешчыкаў, каб надзяліць ёю беззямельных і малазямельных сялян. Уся гэтая несправядлівасць і беднасць, якія закранулі большасці насельніцтва Заходняй Беларусі, нагняталі ў грамадстве напружанасць, спрыялі з’яўленню радыкальных партый.

 

Аднак жыццё не стаяла на месцы, не было суцэльнай чорнай паласой: людзі нараджаліся, жаніліся, дзеці хадзілі ў школу, дарослыя – ў царкву, касцёл, сінагогу. Паступова павялічваўся дабрабыт, што выяўлялася ў будаўніцтве жылля, масавай куплі ровараў, паляпшэнні харчавання і медыцынскага абслугоўвання, больш якасным адзенні. У людзей з’явілася надзея і вера ў лепшую будучыню”.

 

Пра гэтыя спадзяванні і пра гісторыю ў той час ужо вялікага горада ў хуткім часе можна будзе прачытаць у гэтым двухтомным фаліянце.